Мінкульт адмовіўся здымаць фільмы па кнігах Горвата і Марціновіча
Мінкульт адмовіўся здымаць „Радыё „Прудок”” і „Сфагнум”. Толькі 4 ліпеня стала вядома, што кнігі Андруся Горвата „Радзіва „Прудок” і „Сфагнум” Віктара Марціновіча экранізуюць у Беларусі. Тэндары на іх стварэнне з’явіліся на сайце дзяржзакупак, і меркавалася, што абедзве карціны будуць знятыя часткова за бюджэтныя грошы. Над лірычнай камедыяй „Радзіва „Прудок”” пачалі працаваць „Першая КінаВідэаКампанія” і рэжысёр Аляксей Раковіч. Над „Сфагнумам” — кінакампанія „Дэмарш-фільм” і знакаміты беларускі дакументаліст Віктар Аслюк. Але 11 ліпеня усё змянілася. Аказалася, што кампанія рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка і Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр напісалі скаргу на вынікі тэндару дзяржзакупак у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У выніку скандалу Мінкульт адмяніў тэндэры па лотах на здымкі фільмаў па кнігах Горвата і Марціновіча, маўляў “знікла неабходнасць у набыцці гэтых паслуг”.
Беларускае Радыё Рацыя