Мінкульт даў дабро: У Беларусі пакажуць „Смерць Сталіна”
Сёння стала вядома, што Міністэрства культуры Беларусі не пярэчыць супраць пракату стужкі «Смерць Сталіна». Пра гэта TUT.BY паведаміў начальнік упраўлення па кінематаграфіі Мінкульта Аляксандр Рыдван.
– У ходзе прагляду спецыялісты ўнутранай экспертнай камісіі Міністэрства культуры не выявілі ў фільме «Смерць Сталіна» фактаў парушэння беларускага заканадаўства. Накіроўваць фільм у Рэспубліканскую экспертную камісію (па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці) лічым немэтазгодным. Заўваг па далейшым пракаце фільма на тэрыторыі РБ у міністэрства не маецца, – сказаў на заканчэнне Рыдван.
У менскім пракаце фільм выйдзе 8 лютага. Карціну пакажуць у кінатэатрах сеткі Silver Screen ў ТРЦ Galileo і Dana Mall.
Нагадаем, што напярэдадні пракату фільма 24 студзеня ўсе сеансы былі адмененыя. Міністэрства культуры паведаміла, што рашэнне, ці даваць карціне пракатнае пасведчанне, будзе прынята толькі пасля таго, як у Мінкульце паглядзяць кіно.