Мінкультуры падтрымала ідэю ўстаноўкі помніка Юліусу Столе
Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю ўстаноўкі помніка Юліусу Столе ў Бярозаўцы. Ліст з адпаведным адказам прыйшоў у Бярозаўскі гарадскі выканаўчы камітэт пасля неаднаразовых зваротаў у гэтае ведамства. У ім таксама гаворыцца пра неабходнасць правядзення конкурсу эскізных праектаў будучага помніка, які плануецца ўстанавіць за кошт пазабюджэтных сродкаў. Аналагічныя лісты адпраўленыя ў Лідскі раённы і Гарадзенскі аблвыканкамы. Кажа сябра грамадскай ініцыятывы па ўстаноўцы помніка Сяргей Пантус:
– Мы вельмі ўсцешаныя, што гарадскія ўлады пайшлі насустрач і самі даслалі ліст з запытам у міністэрства культуры. Прыйшоў станоўчы адказ з міністэрства культуры, падтрымлівае ўстаноўку помніка Юліусу Столе ў Бярозаўцы і лічыць неабходным правядзенне конкурсу мастацкіх эскізаў. Таму мы зараз будзем праходзіць гэты этап. У нас ёсць гатовы эскіз, будзем удзельнічаць у конкурсе, спадзяемся на лепшае, упэўнены, што помнік Юліусу Столе будзе стаяць у гарадскім парку Бярозаўкі.
Юліус Столе – уласнік шкляных гут „Нёман”, пры якім гэтая вытворчасць у міжваенны перыяд дасягнула сусветнай вядомасці. Быў мецэнатам населеннага пункта Бярозаўка, які ўзнік вакол прадпрыемства.
Пад жаданнем устаноўкі помніка Юліусу Столе ў гарадскім парку ўжо падпісаліся амаль паўтары тысячы жыхароў Бярозаўкі.
Юліус Столе
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя