Фінансаванне кінавытворчасці павялічыцца на 80%
Пра гэта паведаміў журналістам міністр культуры Беларусі Юрый Бондар на прэс-канферэнцыі з нагоды завяршэння рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм”.
„Рэканструкцыя дазволіць нам ужо ў наступным годзе нарасціць аб’ёмы фільмавытворчасці. Калі казаць пра нацыянальны прадукт, на вытворчасць якога вылучаюцца сродкі Міністэрствам культуры, то іх аб’ём павялічыцца практычна на 80%, што дазволіць стварыць серыю карцін у гульнявой, негульнявой і мультыплікацыйнай форме „, – сказаў ён.
Яшчэ адзін напрамак работы па павелічэнні выпуску фільмаў – сумесная вытворчасць карцін з вядучымі кінакампаніямі, а таксама прадастаўленне вытворчых магутнасцяў для тых, хто гатовы здымаць кіно ў Беларусі. У сувязі з гэтым перад кінастудыяй „Беларусьфільм” стаіць задача па стварэнні зразумелых, празрыстых і выгадных умоў для такіх вытворцаў.
За час рэканструкцыі цалкам адрамантаваны адміністрацыйны корпус з трыма здымачнымі павільёнамі плошчай 1 200, 600 і 300 кв.м. З нуля адбудаваны вытворчы корпус з двума новымі павільёнамі – па 1 тыс. кв.м кожны. Упарадкавана тэрыторыя кінастудыі плошчай 10,5 га. Закуплена сучаснае абсталяванне для мантажу, колеракарэкцыі, запісу музыкі, мовы, сінхронных шумоў і мантажу гуку. Умовы студыі дазваляюць вырабляць 15 гульнявых фільмаў у год.