“Мінск у мастацтве” — новая кніга Сяргея Харэўскага



У выдавецтве “Логвінаў” выйшла кніга мастацтвазнаўцы, гісторыка архітэктуры і культуролага Сяргея Харэўскага пад назвай “Мінск у мастацтве. Вобразы горада розных эпох”.

Гэта багата ілюстраванае выданне, у якім аўтар аналізуе творы, прысвечаныя сталічным краявідам.“Мінск у мастацтве” — гэта 14 эсэ пра мастакоў, якія паслядоўна выяўлялі і выяўляюць Мінск на сваіх палотнах.

Канцэпцыя кнігі вырасла з нізкі тэкстаў, якія Сяргей Харэўскі пісаў колісь для часопіса “Мастацтва”.

«Некалькі гадоў таму я напісаў нізку эсэ пра мастакоў Менска для часопіса «Мастацтва», – згадвае аўтар Сяргей Харэўскі. – У ім параўноўваліся колішнія вобразы з сучаснымі фатаграфіямі горада. Тыя дванаццаць эсэ сталі для мяне падставаю ўкласці гэтую кнігу, напісаўшы яшчэ некалькі тэкстаў. Давялося грунтоўна ўсё дарабіць і дадаць апарат спасылак, каб прывесці ў адпаведнасць з навуковымі патрабаваннямі. На гэта пайшло яшчэ пару гадоў. Мае навуковыя рэцэнзенты ў Беларусі і Літве высока ацанілі гэты корпус тэкстаў. Значыць, высілкі былі не марныя. І вось… маем!»