Мінулы і сучасны Слонім на фотаздымках
Слонімскі фотамайстар Уладзімір Янушэвіч моцна любіць свой родны горад Слонім, цікавіцца яго гісторыяй. Некалькі разоў ён выдаваў камплекты паштовак сучаснага горада над Шчарай, якія вельмі спадабаліся слонімцам і гасцям горада.
І вось нядаўна Уладзімір Янушэвіч у сваёй фотамайстэрні “Граф-фота” выпусціў новы арыгінальны камплект сувенірных паштовак. Камплект складаецца з 12 паштовак, на якіх адлюстраваны мінулы і сучасны Слонім. Побач са старымі фотаздымкамі горада першай паловы ХХ стагоддзя Уладзімір Янушэвіч зрабіў сучасныя здымкі.
Прадмову да камплекта паштовак напісаў слонімскі літаратар і краязнавец Сяргей Чыгрын. У прыватнасці, ён сказаў, што “сёння мы смела можам Уладзіміра Янушэвіча паставіць поруч з фатографамі, якія ў канцы ХIX – пачатку і ў сярэдзіне ХХ стагоддзяў працавалі ў Слоніме, ці проста наведвалі старажытны горад над Шчарай. У Слоніме неаднаразова бываў з фотаапаратам знакаміты фатограф Ян Булгак. У першай палове ХХ стагоддзя свае фотамайстэрні ў Слоніме мелі Б.Натковіч, О.Дзерачынскі, Г.Браўн, Ф.Муркес, Н.Турок.
Цікава і тое, што перад Другой сусветнай вайной любілі ў Слоніме фатаграфаваць людзей і горад беларускія паэт Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч) і Сяргей Новік-Пяюн, якія тады тут жылі. Але найбольш нашчадкам пакінуў здымкаў Слоніма 1930-1940-х гадоў Юзаф Шыманчык. Родам ён быў з Косава, але часта бываў у Слоніме, а падчас вайны меў у горадзе сваю фоталабараторыю, якая ў канцы вайны была знішчана падчас памбёжкі горада. Юзаф Шыманчык найбольш фатаграфаваў людзей і помнікі Слонімшчыны. Яго часта клікалі на вяселлі, каб на памяць зрабіць і захаваць здымак. Ён друкаваўся ў даваеннай і акупацыйнай прэсе.
Уладзімір Янушэвіч сустракаўся ў Польшчы з Юзафам Шыманчыкам. Яны шмат гутарылі пра даваенны і ваенны Слонім. Сустрэчу Уладзімір запомніў на ўсё жыццё. А сёння ён сам шчыра працягвае працу слонімскіх вядомых і малавядомых майстроў –фатографаў. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх камплектаў здымкаў, буклетаў, альбомаў, прысвечаных роднаму Слоніму. А новае выданне – яго чарговая задумка і падарунак землякам”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім