Міра Лукша адзначае дзень народзінаў



Госця Рацыі – Міра Лукша – беларуская пісьменніца і паэтка, якая адзначае сёння дзень народзінаў. Пачынаем з віншаванняў: каб здзяйсняліся мары, нараджаліся планы і збываліся гэтыя планы!

РР: Усё дарослае жыццё Міры Лукшы, пачынаючы з ранняй маладосці, звязана з беларускай журналістыкай, з беларускай літаратурай, з беларускім словам. Не шкадуеш, што такі шлях выбрала?

Міра Лукша: Роўна 50 гадоў таму я трапіла ў “Ніву”, на старонкі “Нівы” з вершамі. Мне было 14 гадоў. Пачынала я з “Парнасіка” – такой літаратуранай старонкі. Усе мы пачыналі на гэтай старонцы ў Юркі Валкавыцкага. Ну і вось ужо 50 гадоў, мы ўжо пасівелі, і далей працуем на беларускай „Ніве”. Юрка Валкавыцкі нас уцягнуў усіх у “Ніву”, пачынаючы ад Сакрата Яновіча. Пасля моцнай рукой, але вельмі дазваляў нам шмат чаго, каб толькі развіваліся. І паляпшалі сваю мову, каб пісалі як хацелі, але дзеля таго, каб ратаваць беларускае слова ў нас тут, на Падляшшы, і не толькі, дарэчы, на Падляшшы. Бо ў “Ніве” друкаваліся таксама аўтары, якія былі забароненыя ў Беларусі.

РР: Першая хваля беларускай літаратуры, якая выйшла на паверхню жыцця, была вельмі шырокая. Я маю на ўвазе 60-я, злом 50-х і 60-х гадоў. Гэта была шырокая хваля. А ўжо нашае пакаленне, нас крышку менш аказалася. А што думаеш пра чарговае?

Міра Лукша: Прыцягваем таленты ў “Ніву”, у “Белавежу” праз літаратурны конкурс “Дэбют”, які ўжо сёлета адбываецца 26-ты раз. Сёлета 43 ўдзельнікі. У мінулым годзе 57. Але было таксама пад 100 асоб. Ад дзяцей, якія толькі пачалі  вучыцца пісаць, да людзей, якія мелі 90 гадоў, або і больш. І некаторыя з тых старэйшых аўтараў маюць свае кнігі.  

Усё застаецца, у “Ніве” архіў ад нулявога нумару з 1956 года. З лютага, бадай, быў першы нумар. Усе сляды нашай творчасці ёсць. Нядаўна наснілася мне, але пасля запісала: “Кожнае слова па-беларуску – гэта зерне і куля”. Кожнае слова, як бы хто гэта сказаў ці напісаў. Ёсць розныя таленты. І людзі працуюць па-свойму, на сваіх дзялянках. Але тое, што мы выкажам і запішам па-свойму, на роднай мове – гэта вельмі моцнае. І дзякуючы гэтаму растуць іншыя зярняткі. Таленты вырастаюць.

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле

Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя