Міжнароднае свята „Браслаўскія бліскавіцы” пройдзе 26-27 траўня



Міжнароднае свята традыцыйнай культуры „Браслаўскія бліскавіцы” пройдзе 26-27 траўня ў Браславе Віцебскай вобласці, паведамілі ў Міністэрстве культуры.

У праграме першага дня фестывалю – конкурс харавых калектываў Віцебскай вобласці, урачыстае шэсце, канцэрты з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў з Беларусі і замежных краін (Расеі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі).

Увечары 26 траўня на пляцоўцы старажытнага гарадзішча „Замкавая гара” адбудзецца свята сярэдневяковай культуры „Меч Брачыслава” з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, вулічнага тэатра „Гістрыён” і фалк-групы „Літы Талер” (Менск).

У другі дзень фестывалю пройдзе заключны гала-канцэрт і выступленне ганаровых гасцей форуму Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. На працягу святочных дзён будзе працаваць „Браслаўскі фальварак” з прэзентацыямі сельскіх падворкаў, рамеснымі радамі, выстаўкамі-продажамі прадпрыемстваў Браслаўскага раёна. Увечары на беразе маляўнічага возера Дрывяты адбудзецца фестываль-конкурс „Танец ветру”. У неба ўзнімуцца паветраныя змеі.

Фестываль „Браслаўскія бліскавіцы” з’яўляецца адным з найстарэйшых у Беларусі, свой 50-гадовы юбілей ён адзначыў у 2017 годзе. Мерапрыемства праходзіць у статусе міжнароднага з 2009 года.

Арганізатарамі свята з’яўляюцца Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры.

belta.by