Міжнародная экспедыцыя вывучае ў Глыбокім жыццё габрэяў



Грамадская арганізацыя „Сэфер” з Масквы наведала Глыбокае. Сябры арганізацыі  будуць тыдзень праводзіць экспедыцыю  па вывучэнні жыцця глыбоцкіх габрэяў.

У складзе экспедыцыі трыццаць навуковых супрацоўнікаў, этнографаў і студэнтаў з ЗША, Украіны, Расеі ды Беларусі. Яны вывучаюць надпісы на габрэйскіх могілках і складаюць іх мапу, дакументуюць артэфакты,  запісваюць успаміны старажылаў пра жыццё габрэяў у даваенны час і гады Другой сусветнай вайны ў Глыбокім.

Па словах кіраўніка групы эпіграфістаў Аляксандры Фішаль, вывучэннем могілак яна займаецца шмат год, таму што гэта важная гістарычная крыніца:

– Калі казаць пра Глыбокае, то тут незвычайныя для Беларусі шрыфты сустракаюцца, незвычайныя, прыгожыя літары. Нягледзячы на тое, што выразаць па граніту, які тут пераважна прысутнічае – цяжка. Цяпер можна сказаць, што гэтыя могілкі насамрэч старыя і вельмі цікавыя. Частка камянёў, якія тут ёсць – гэта старая частка, яны некранутыя. На ўваходзе напісана, што разбурана фашыстамі. Вось гэтая частка відавочна не была разбурана – гэта мы ўжо дакладна ведаем, бо камні даволі глыбока сыйшлі ў зямлю – гэта сведчыць пра тое, што яны не перасоўваліся з моманту ўсталявання.

Па  выніках экспедыцыі  будзе зроблены электронны каталог і выпушчаная брашура  пра жыццё габрэяў у Глыбокім з аналітычным матэрыялам, а  таксама картаграфічныя звесткі могілак і пахаванняў.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара