Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю БДУ і 90-годдзю Алега Лойкі
У чацвер, 28 кастрычніка, пачалася XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай”, прысвечаная 100-годдзю Белдзяржуніверсітэта і 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, прафесара Алега Лойкі (1931-2008).
Яна працягнецца два дні. Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Беларусі, БДУ, філалагічны факультэт БДУ і кафедра гісторыі беларускай літаратуры БДУ.
Урачыстае адкрыццё, пленарнае пасяджэнне і праца секцый прайшлі і праходзяць у дыстанцыйным фармаце.
Канферэнцыя адбываецца па секцыях: “Да 100-годдзя БДУ: школы, асобы, напрамкі”; “Асоба і спадчына Алега Лойкі”; “Сусветная літаратура і аспекты кампаратывістыкі”; “Беларуская літаратура XV-XIX стст.: генезіс, матывы, вобразы”; “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя: гісторыя і кантэксты”; “Беларуская літаратура на мяжы ХХ-XXI стст.”; “Тэорыя, мова, методыка. Літаратура ў іншых відах мастацтва”.
Даклады на Міжнароднай канферэнцыі падрыхтавалі вядомыя і таленавітыя навукоўцы і даследчыкі беларускай літаратуры. Сярод якіх – Алесь Бельскі, Сяргей Шапран, Анатоль Верабей, Мікалай Прыгодзіч, Святлана Мусіенка, Уладзімір Кароткі, Мікола Хаўстовіч, Алена Белая, Сяргей Кавалёў і многія іншыя філолагі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя