Міжнародны дзень чытання паэмы „Сымон-музыка”
4 снежня – міжнародны дзень чытання паэмы Якуба Коласа „Сымон-музыка”. У музеі класіка беларускай літаратуры ў Менску адбудзецца адмысловая імпрэза. Яе пачатак прызначаны на 16.00.
Фота vitbichi.by
Апроч таго, паэма Якуба Коласа прагучыць на шасці мовах у эфіры міжнароднага радыё „Беларусь”. Цягам дня будуць гучаць урыўкі вядомага твора не толькі па-беларуску, але і ў перакладах — па-расейску, па-ўкраінску, па-казахску, па-ангельску і па-іспанску. Чытаць урыўкі з паэмы будуць як журналісты радыё „Беларусь”, так і прадстаўнікі нацыянальна-культурных супольнасцяў краіны.
Помнік у Менску, фота monument-minsk.narod.ru
Дарэчы, акцыю па чытанні „Сымона-музыкі” падтрымалі за мяжой. Свой удзел у сацыяльна-культурнай акцыі пацвердзілі музеі Расеі, Літвы і Украіны, цэнтральная бібліятэка горада Валгаграда і таварыства беларускай культуры „Спадчына” з Друскенікаў. Сёлета адзначаецца 90 гадоў з часу, калі „Сымон-музыка” выйшаў асобным выданнем.
Паводле БелТА