Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» запрашае ў Клімавічы



У свяце, якое пройдзе на Магілёўшчыне з 28 да 30 мая, будзе задзейнічана каля 400 удзельнікаў з Беларусі, Расеі, Арменіі, Узбекістана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі, паведамляюць арганізатары фэсту.

У «Залатой пчолцы» вялікія конкурсныя і забаўляльныя праграмы. Адбудуцца праслухоўванні і прагляды ў жанрах вакальнага, харэаграфічнага і выяўленчага мастацтваў, канцэрты, круглыя сталы, спартыўна-забаўляльныя спаборніцтвы, выстаўкі-продажы і шмат чаго іншага. Будзе магчымасць пабываць на шматлікіх экспазіцыйных пляцоўках і нават трапіць у казку. Майстры Кіраўскага, Клімавіцкага, Крычаўскага, Круглянскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Чавускага і Шклоўскага раёнаў абяцаюць цікавыя майстар-класы на гэтую тэму і гульнявыя праграмы па матывах беларускіх казак. Усе фестывальныя падзеі будуць адбывацца на некалькіх творчых пляцоўках, але асноўнай з іх будзе гарадскі парк і сцэна яго амфітэатра.

Дарэчы, першыя удзельнікі фестывалю ўжо прыехалі. Учора ў Клімавічах урачыста сустракалі юных талентаў з Узбекістана. Чацвёра з іх будуць удзельнічаць у конкурсных спаборніцтвах па жывапісе і яшчэ чацвёра прадэманструюць свае сольныя здольнасці ў народных спевах.

zviazda.by

Фота: tribunapracy.by