“Міжваенная літаратура. Абліччы і сюжэты”



З лекцыяй “Міжваенная літаратура. Абліччы і сюжэты” выкладчыца, журналістка, даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец выступіла перад сябрамі Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы. Яна распавяла пра трагічны лёс беларускіх літаратараў, загінулых ці пацярпелых падчас сталінскіх рэпрэсій.

Як жывыя паўсталі перад слухачамі постаці Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Мойшэ Кульбака, Анатоля Вольнага і Валеры Маракова. Пазнаёміла даследчыца і з беларускімі дзекабрысткамі – сужонкамі паэтаў, якія не пакінулі сваіх мужоў  у час бяды і заўсёды былі  побач.  

Па прафесіі настаўніца рускай мовы і літаратуры, Ганна Севярынец успрымае беларускую літаратуру як частку жыцця, шмат даследуе і даносіць свае  адкрыцці да грамадства. Кажа Ганна Севярынец:

– Калі дакранаешся да тэмы тых людзей, якіх расстралялі 29 кастрычніка, тых людзей, што пайшлі па пакутніцкім шляху ў 30-м, мне заўсёды хочацца найперш расказваць не пра тое, як яны паміралі і пакутавалі, а пра тое, як яны жылі. І пра той час, які мы страцілі разам з імі, і які быў засыпаны магчыма ў Курапатах, магчыма яшчэ ў нейкім месцы.

Паводле прысутных, Ганна Севярынец лёгка, даступна, незвычайна цікава даносіла тыя звесткі, якія знайшла ў архівах пра маладых беларускіх літаратараў. Таленавітыя нашы паэты і пісьменнікі былі захоплены нацыянальнай ідэяй. За што паплаціліся сваімі лёсамі і жыццямі. Не абыйшлося і без пытанняў, сярод якіх былі  нават крыху правакацыйныя, на якія Ганна шчыра адказвала.

Ганна Севярынец  аўтарка дакументальнай біяграфіі паэта Уладзіміра Дубоўкі, а таксама рамана “Дзень Святога Патрыка”, адшукала архіў Алеся Дудара і апублікавала. Лаўрэат прэміі “Гліняны Вялес”.

Беларускае Радыё Рацыя