МНС пачало рэкантрукцыю ў гістарычным цэнтры Воршы без узгаднення з археолагамі
Цэнтральная пажарная частка Воршы доўга знаходзілася ў гістарычным цэнтры горада, на Замчышчы. Нечакана ў сярэдзіне верасня, літаральна за дзень,“пажарка” была абнесеная бетонным плотам і пачалося руйнаванне будынка, узведзенага да ІІ Сусветнай вайны. Усё гэта пачало адбывацца без узгаднення са спецыялістамі ў галіне археалогіі.
Хаця менавіта там, на думку гісторыкаў, могуць знаходзіцца рэшткі Аршанскага замку, які абараняў старажытны горад з канца XIV стагоддзя, а ў XVII, пасля некалькіх узяццяў чужынскім войскам падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расеяй (1654-1667), страціў свае функцыі, прыйшоў у заняпад і не дажыў да нашых гадоў.
На незаконнасць работ і адсутнасць якіх-небудзь грамадскіх слуханняў з першага дня звярнулі ўвагу жыхары горада. Цікава, што прайшла інфармацыя пра ўсяго толькі рэканструкцыю будынка, але калі карэспандэнт “Беларускага Радыё Рацыя” адправіўся на месца падзей, дык заўважыў некалькі грузавых аўтамашын, якія вывозілі зруйнаваныя сцены старога будынку. Фактычна, пачалася не рэканструкцыя, а перабудова, а ад старога будынку, верагодна, нічога не застанецца. На момант напісання матэрыялу цалкам знесены другі паверх колішняй пажарнай часткі. Пажарныя машыны, якія раней стаялі тут, часова размеркаваныя па іншых гаражах і працягваюць выконваць свае функцыі.
Розгалас, які ўзняўся пасля пачатку нечаканых работ, прымусіў кіраўнікоў мясцовага МНС аператыўна, ужо ў час актыўнай фазы праекту, звярнуцца ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук і ўзгадніць рэканструкцыю з археолагамі, як таго і патрабавала заканадаўства. У выніку, як нам удалося даведацца, праект узгоднены і пастаўлены на кантроль – з Менску ў Воршу прыбыла спецыяліст-археолаг, якая будзе адсочваць усе работы на аб’екце.
Ёсць надзея, што ў бліжэйшы час на плоце з’явіцца і “пашпарт аб’екта”, пакуль жа на браме адсутнічаюць любыя пазнакі аб тым, што адбываецца ў раёне Аршанскага Замчышча.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя