Моўныя курсы „Лемантар” пачынаюць працу ў Гомелі
У Гомелі стартуюць новыя моўныя курсы для моладзі пад назвай „Лемантар”. Сябры абласной філіі „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” плануюць ладзіць заняткі ў інтэрактыўнай форме і без сумных падручнікаў.
Паводле аднаго з арганізатараў курсаў Яўгена Якавенкі, гомельскі гурток не ставіць задачу канкураваць з нашумелым праектам „Мова нанова”:
– Я лічу, што мы проста далучаемся да добрай справы. Існуе попыт на беларускую мову, хочацца верыць, што ён ёсць і ў Гомелі. Зрэшты, мы гэта і праверым. А насамрэч мы даўно марылі пра падобныя курсы ў Гомелі, але, скажам так, не было проста канкрэтнай ініцыятывы, якая ўзяла б на сябе справу і пачала цягнуць. Зараз з’явіліся людзі, якія згодныя гэтым займацца, якім гэта цікава. Пабачым, што з гэтага атрымаецца.
Яўген Якавенка заўважае, што ў працы гомельскіх моўных курсаў „Лемантар” будзе рабіцца акцэнт на дэбаты ў сяброўскай атмасферы і па набалелых пытаннях.
Беларускае Радыё Рацыя