Мова Чачэнскай рэспублікі: праблемы і паралелі з Беларуссю
Географ і актывіст ТБМ Алесь Крой працягвае аповяд пра развіццё чачэнскай мовы і праводзіць паралелі з моўнай сітуацыяй у Беларусі. У першай частцы артыкулу расказвалася пра гістарычныя аспекты. У працягу – пераважна пра сучасны стан.
Першыя вучэбныя кнігі на чачэнскай мове ствараліся на арабскай графіцы ў 16 стагоддзі. Мусульманскія школы (хьуьжарш) таго часу былі створаны ва ўсіх буйных паселішчах. Там вывучалі багаслоўскія навукі, выкладанне было па-арабску і чачэнску. Асаблівую ўвагу звярталі на пераклады тэкстаў з арабскай на чачэнскую мову.
Нацыянальны герой Паўночнага Каўказа і лідар нацыянальна-вызвольнага руху Імам Шаміль у 19 стагоддзі пісаў пракламацыі народам Каўказа на арабскай мове, для сувязі паміж лідарамі абаронцаў горскіх народаў, якія размаўлялі на розных мовах Каўказа. Імам Шаміль спрабаваў прыстасаваць арабскую графіку да чачэнскага пісьма, хоць ён не быў чачэнцам, а быў аварцам.
Імам Шаміль
Спецыяльная камісія прыстасавала арабскі алфавіт да фанетыкі чачэнскай мовы. Гэтай сістэмай пісьма чачэнцы карысталіся да 1926 года, калі алфавіт перавялі на лацінку. Па ўсёй Чачэніі пры мячэцях дзеілі медрэсэ, дзе дзетак вучылі арабскай грамаце і чытанню Карана. Пасля 25 гадоў змагання з расейскімі царскімі войскамі ў 1859 годзе Шаміль пацярпеў паразу, Паўночны Каўказ быў акупаваны.
З 1860 па 1920 гады тэрыторыя Чачэніі ўваходзіла ў Церскую вобласць разам з Дагестанам, Інгушэціяй, Паўночнай Асетыяй і поўднем Стаўрапальскага краю.
У 1864 годзе ў Расейскай імперыі была “обоснована необходимость”перасялення ваяўнічых горцаў у Турцыю, туды было адпраўлена 22 тысячы толькі адных чачэнцаў. А колькі чаркесаў і іншых…
Ваяўнічыя горцы. Чачэнец і лезгін. 1862 г.
З 1861 па 1863 гады на тэрыторыю горцаў пасялілі каля 14 тысяч іншых сем’яў, было заснавана 113 станіц. А яшчэ раней, пасля вайны Ірана з Расеяй, у 1821 годзе, шмат перасяленцаў было з Чарнігаўшчыны і Палтаўшчыны. Лепшыя землі аддавалі казакам, вядомы расейскі генерал Ярмолаў патрабаваў падпарадкавання горцаў ваенна-адміністрацыйнай уладзе карнымі экспедыцыямі. Соткі населеных пунктаў было разрабавана і спалена, тысячы людзей забіта. Чачэнцы выцясняліся ў горы, расейская ўлада будавала крэпасці, якія пазней сталі гарадамі. Так і будучая сталіца, спачатку была як крэпасць Грозная на рэчцы Сунжа ў 1818 годзе. Грозны быў амаль цалкам вынішчаны падчас апошніх войнаў з РФ, а яшчэ ў 1987 годзе там пражывала больш 400 тысяч жыхароў.
Расейская школа, першы алфавіт і буквар на кірыліцы
Пасля захопу Расейскай імперыяй у 19 стагоддзі Паўночнага Каўказа ў Чачэнію прыйшла і расейская школа з кірыліцай, хоць пры мячэцях ў медрэсэ дзетак працягвалі вучыць арабскай грамаце і чытанню Карана ажно да пераходу алфавіту на лацінку пры Савецкай ўладзе.
Першы чачэнскі алфавіт з выкарыстаннем кірыліцы быў створаны ў 60-я гады 19 стагоддзя. Тады адбылося першае навучанне дзяцей у школах з дапамогай кірылічнай графікі.
Першым аўтарам навуковай граматыкі чачэнскай мовы і першага алфавіта на кірылічнай аснове ў 19 стагоддзі быў буйнейшы каўказазнаўца, вучоны-лінгвіст і педагог-асветнік, генерал-маёр, барон Услар Пётр Карлавіч, дзед якога некалі прыехаў працаваць з Гановера ў Расею.
Барон Пётр Услар
Яго азбука складалася з 37 літар, дзе акрамя асновы “рускіх” літар былі выкарыстаны літары з лацінскай, грузінскай графік і рускія літары з выкарыстаннем дыякрытычных знакаў.
Пётр Услар пісаў, што адзіна правільным падыходам у адукацыі “інародных дзяцей” першапачатковая адукацыя павінна быць на роднай чачэнскай мове. Абапіраючыся на педагагічную тэорыю і практыку, вучоны настойваў вучыць спачатку вучня-горца пісьменнасці на яго роднай мове і ад яе пераходзіць да граматы рускай. Час, выкарыстаны на вывучэнне туземнай і рускай граматы, акажацца менш таго часу, які будзе выкарыстаны на вывучэнне адразу рускай граматы. Вопыт ужо гэта даказаў і можа быць паўтораны колькі заўгодна, нагадваў вучоны. Пётр Услар быў упэўнены, што правільна арганізаваная сістэма асветы «действительно создаст новое поколение людей на Кавказе, которые сделают здесь то, чего не в состоянии сделать ни штыки, ни деньги, ни почести». Нешта падобнае царскія чыноўнікі казалі і ў Беларусі. Сёння мы ўсе пажынаем “плады” той адукацыйнай палітыкі. У 1848 г. была створана Каўказская вучэбная акруга, дзе галоўнай задачай было збліжэнне навучальных устаноў з іншымі навучальнымі установамі імперыі.
Калега Пятра Услара па напісанні навуковай граматыкі Кедзі Досаў склаў першы чачэнскі буквар «Нохчийн жуз ду хIара» кірыліцай.
Чачэнцы ў СССР
З усталяваннем савецкай улады ў 20-я гады 20 стагоддзя наступае новы этап развіцця нацыянальнай чачэнскай школы.
Чачэнская акруга ў складзе Горскай АССР 1921 года
У 1921 годзе ў Чачэнскай акрузе Горскай АССР былі адчынены дзясяткі школ І і ІІ ступені на чачэнскай мове і традыцыйным арабскім алфавіце. Арабская графічная аснова чачэнскай пісьменнасці праіснавала да 1927 года, бо з 1925 года пачаўся пераходны перыяд чачэнскай пісьмовасці на лацінскую графіку.
У пераходны перыяд газеты друкаваліся з выкарыстаннем дзвюх графік – арабскай і лацінскай. Пашыралася сетка школ, была ўведзена агульная пачатковая адукацыя. 84,5% дзяцей вучыліся ў школах. Сямігодка і сярэдняя школа давалі адукацыю на чачэнскай і расейскай мове. За кароткі перыяд ад 20-х гадоў да першай паловы 30-х 20 стагоддзя нацыянальнай школе была нададзена дастатковая ўвага. Друкаваліся дзясяткі кніг (падручнікі і літаратура) на чачэнскай мове лацінкай. Арыфметыка, геаграфія, класіка расейскай літаратуры ў перакладзе на чачэнскую мову. Нават геаграфічны глобус з надпісамі па-чачэнску быў падрыхтаваны. Значна пашырылася педагагічная, грамадска-палітычная і лінгвістычная тэрміналогія па-чачэнску.
У Беларусі таксама ў гэты час, з 1922 па 1930 год, Навукова-тэрміналагічная камісія пры Народным камісарыяце (тры секцыі – гуманітарная, прыродазнаўчая, матэматычная) рыхтавала 23 слоўнікі тэрмінаў матэматыкі, фізікі, літаратуразнаўства, геаграфіі і касмаграфіі, логікі і псіхалогіі, батанікі, анатоміі, заалогіі, права, бухгалтарскай справы і інш. У канцы 1920-ых гадоў звыш 80% спецыяльнай літаратуры, якая выпускалася ў рэспубліцы, было на беларускай мове, у прыкладна 90% школ беларуская мова была мовай навучання. Беларуская тэрміналогія ў гэты перыяд не толькі актыўна выпрацоўвалася, але і была запатрабавана грамадствам. Гэта быў навуковы подзвіг нашых вучоных. Асобныя экземпляры тэрміналагічных слоўнікаў па розных прадметах, якія цудам захаваліся ад знішчэння, сёння розныя навукоўцы знаходзяць у бібліятэках Расеі – Пецярбургу, Масквы, прыватных бібліятэках іншых краін. Больш шырока гэта пакуль можна ўбачыць толькі на старонках фэйсбуку.
Але як і ў іншых народаў СССР пазіцыя роднай мовы ў Чачэніі і Беларусі стала паступова змяншацца. Па камандзе з Масквы стала праводзіцца актыўная праца па папулярызацыі найперш расейскай мовы, друкаванне школьных падручнікаў па-расейску. Русіфікацыя ішла рознымі тэмпамі па ўсім СССР, акрамя краін Прыбалтыкі, Фінляндыі, Польшчы, якія сталі пасля развалу Расейскай імперыі незалежнымі. Дадаліся масавыя рэпрэсіі ў савецкіх рэспубліках тых, хто любіў і бараніў сваю мову і культуру. Мільёны людзей з нацыянальных рэспублік СССР вывозіліся з роднай зямлі ў Сібір.
У 1938 годзе адбываецца новы пераход чачэнскага пісьма ўжо на расейскую графічную аснову (кірыліцу). Адбываецца савецкая ўніфікацыя графічнай асновы.
За паўтара дзясятка гадоў у залежнай ад Масквы Чачэніі тройчы мянялася графічная аснова чачэнскага пісьма (арабская-лацінская-руская (кірылічная)). Пра якую высокую пісьменнасць чачэнскага народа можна казаць, калі адбываліся такія глабальныя змены графічнай сістэмы!?
У 1944 годзе па загадзе Сталіна адбылася ліквідацыя рэспублікі і дэпартацыя чачэнцаў з роднай зямлі, чачэнскай школы не існавала амаль паўтара дзясятка гадоў!
Толькі пасля смерці Сталіна, з 1957 года, калі на геаграфічнай карце СССР зноў узнікла рэспубліка і народы Чачэніі вярнуліся на сваю родную зямлю, запрацавала нацыянальная школа, а чачэнская мова стала як прадмет выкладання, але не больш. На родную мову чачэнцам адводзілася прыкладна столькі гадзін, колькі і на замежную. У нулявых і падрыхтоўчых класах адукацыя была на роднай мове, галоўнай задачай якіх было падрыхтаваць вучняў да навучання па-расейску. У Беларусі ў 1959 годзе Кірыла Мазураў рабіў нейкія спробы беларусізаваць краіну, але пасля візіту ў БССР Хрушчова і яго адкрытага незадавальнення выступам Кірылы Мазурава па-беларуску, на прыступках БДУ, Беларусь была русіфікавана ў гарадах цалкам, але апошнія беларускія школы зніклі ўжо пры Пятру Машэраву.
У 1958 годзе ў СССР прынялі закон, які прадугледжваў вывучэнне роднай мовы і навучанне на ёй дабраахвотным. Вучоных не слухалі, якія казалі, што адзіная мова, якую нельга вывучаць дабраахвотна – родная. Старэйшыя людзі памятаюць, як шматлікія “гарадскія” бацькі-беларусы пачалі шукаць розныя прычыны, каб зменшыць вучэбную нагрузку для сваіх дзетак коштам роднай беларускай мовы. У іншых рэспубліках было тое ж самае. Мова, вучоба на ёй і друкаванне кніг на захопленых некалі імперыяй тэрыторый у іншых народаў ці забаранялася (як у Беларусі ў 19 ст.), ці абмяжоўвалася, выцяснялася, за выключэннем пачатковага кароткага перыяду барацьбы з непісьменнасцю ў першыя гады ўсталявання савецкай улады ў РСФСР, СССР, Заходняй і Усходняй БССР.
Толькі ў 1980-ыя гады, пасля прыхода М. Гарбачова да улады стала магчымым звярнуць большую ўвагу на родную мову і школу тым рэспублікам, дзе моўная сітуацыя ў гарадах была катастрафічнай, у тым ліку беларусам і чачэнцам.
Дырэктар маскоўскага інстытута нацыянальных праблем М. Кузьмін пісаў: “Школа ёсць сістэмаўтваральным элементам нацыі, і калі мы, як дэмакратычная краіна, кажам пра тое, што любы этнас мае права развівацца нармальна, а кожнае дзіця мае права атрымаць (у межах магчымага) адукацыю на роднай мове і на базе сваёй культуры, нацыянальную школу неабходна адраджаць і развіваць абавязкова. Адзінства расейскай школы – гэта не унітарызм, а адзінства разнастайнасці”.
У Чачэна-Інгушскай Рэспубліцы, як і ў БССР пачаўся працэс адраджэння нацыянальнай школы. Нацыянальная канцэпцыя сістэмы адукацыі прадугледжвала родную мову ў якасці падмурку для фармавання эмацыйнай сферы дзіцяці, развіцця і выхавання інтэлекту, станаўлення творчай асобы, яе грамадзянскіх якасцяў. Расейская мова заставалася галоўным кампанентам адукацыі. Была зроблена вялікая праца. Распрацаваны вучэбныя планы чачэнскай школы з 1 па 11 клас, уведзены новыя прадметы – гісторыя Чачні, геаграфія рэспублікі, вайнахская традыцыйная культура і этыка, асновы рэлігіі і іншае. Выкладанне гэтых дысцыплін прадугледжвалася на чачэнскай мове.
Чачэнская мова за свой працяглы каланіяльна-вызваленчы перыяд яшчэ не “набрыняла” дастатковай тэрміналогіяй для выкладання школьных прадметаў. Для стварэння тэрміналагічнай базы пры Інстытуце праблем адукацыі быў створаны навукова-даследчы калектыў вядомых вучоных з 12 тэрміналагічнымі секцыямі па розных галінах адукацыі. Былі зроблены і выдадзены падручнікі па-чачэнску для 1-3 класаў, для 4 класа падручнікі ўжо былі ў друкарні….
Але…хутка наступілі іншыя часы і грымнула вайна. 30.11.1994 года пасля загаду Барыса Ельцына аб аднаўленні “канстытуцыйнасці і правапарадку” на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі пачалася Першая чачэнская вайна. Пасля вельмі жорсткага супраціву толькі ў сакавіку 1995 г. Грозны быў заняты расейскімі войскамі. 6.08.1996 года Грозны зноў стаў чачэнскім пасля вызвалення. Пасля Хасаўюртаўскіх пагадненняў ад 31.08.1996 г. Рэспублікі Ічкерыі і Расейскай Федэрацыі статус рэспублікі адклалі на 5 гадоў.
Дэ-факта Ічкерыя была незалежнай краінай да 31.12 2001 года. 30.09 1999 года пасля сумных падзей у Дагестане былі зноў уведзены расейскія войскі на тэрыторыю Ічкерыі. З пачаткам Другой чачэнскай вайны была сфармавана прарасейская адміністрацыя. Пасля змены розных кіраўнікоў з 2007 года яе ўзначальвае Рамзан Кадыраў, сын былога кіраўніка Ахмата Кадырава.
Адукацыя і школа пасля апошніх войнаў
Дзве апошнія вайны прынеслі каласальную шкоду людзям, мове, адукацыі і культуры. Былі разбураны школы, установы культуры (бібліятэкі, архівы, музеі). Грозны стаў падобны на горад-прывід. А працэс стварэння нацыянальнай чачэнскай школы быў перарваны ізноў, у каторы ўжо раз!
Сістэма адукацыі была адноўлена, але чачэнская мова стала толькі прадметам выкладання. Школьная адукацыя па іншых прадметах вядзецца па-расейску, на практыцы некаторыя настаўнікі змушаны перакладаць і тлумачыць дзецям па-чачэнску, бо расце новае маладое пакаленне, якое расейскай мовай валодае горш, чым іх бацькі. Шмат дарослых чачэнцаў наадварот, не умеюць чытаць і пісаць па-чачэнску. І галоўнае – няма свайго нацыянальнага ўніверсітэта. Гэта вялікая моўная праблема для Ічкерыі, дарэчы як і для Беларусі. Распрацаваная Урадам праграма па ўводу ў школах чачэнскай мовы як мовы, на якой вядзецца навучанне, пакуль не прынесла значных вынікаў. У красавіку 2007 года Рамзан Кадыраў падпісаў закон “Аб мовах у Чачэнскай Рэспубліцы”, які ставіў мэту “захаванне і развіццё чачэнскай мовы”. Згодна дакументу жыхары маюць права выбару мовы адукацыі – расейская, чачэнская, ці іншая. На пачатку навучальнага года высветлілася, што Праграма адукацыі складзена цалкам па-расейску. На чачэнскай мове выкладаюцца толькі два прадметы – чачэнская мова і літаратура. Але не ўсё так проста. Шматлікія чачэнцы сапраўды жадаюць вучыць сваіх дзяцей па-расейску, бо не валодаючы ёю, яны не змогуць паступіць у ВНУ. Ёсць Праграма падрыхтоўкі пераводу пачатковай школы на чачэнскую мову, але прамой устаноўкі Урада, што гэта тэрмінова трэба рабіць – няма. Для некаторых сябраў камісіі па пытаннях навукі, адукацыі, культуры і інфармацыйнай палітыкі парламенту Чачні стала відавочным, што асобныя прадстаўнікі сістэмы адукацыі выступаюць супраць пераходу на чачэнскую мову пачатковай школы, як дарэчы і ў Беларусі. У 2008/2009 навучальным годзе ў першых класах 47 школ Чачні пачалося выкладанне матэматыкі па-чачэнску. Пачалася праца над Праграмай па ўроках спеваў і малявання. Узнікла шмат пытанняў, крытыкі. Некаторыя чачэнцы абвінавачваюць кіраўніцтва адукацыі рэспублікі ў пераходзе на родную мову тым, што кіраўнікі Чачэніі сваіх дзяцей у чачэнскія школы не будуць аддаваць, бо іх дзеці будуць потым вучыцца ў маскоўскіх ВНУ па-расейску. Таму і яны не хочуць, бо глядзяць на кіраўнікоў. Па запрашэнні кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава ў школы прыехалі дзясяткі расейскіх настаўнікаў, бо існуюць значныя праблемы з навучаннем і па-расейску. Як выйсці з гэтага зачараванага кола? Адназначнага адказу пакуль няма. Тое, што дзяржаве неабходна папулярызаваць і пашыраць чачэнскую мову, здаецца, ніхто ў гэтым не сумняваецца. Каб змяніць старыя стэрэатыпы ў лепшы бок, найперш інтэлігенцыя павінна аддаваць дзяцей для навучання па-чачэнску, паказваючы ўласным прыкладам сваю любоў да мовы і культуры простаму народу, каб народ паверыў эліце, што гэта мае сэнс. У Беларусі маем тую сама праблему. Але “цэнтр імперыі” таксама не “спіць у шапку”.
У лістападзе 2008 года Мінадукацыі Расейскай Федэрацыі выпусціла распараджэнне, згодна якому здача Адзінага дзяржаўнага экзамену дапускаецца выключна на расейскай мове. У 2009 годзе кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі штучна робіць расейскую мову дамінуючай у нацыянальных рэспубліках, ліквідаваўшы так званы “рэгіянальны кампанент.” Напрыклад, у Татарстане ці Чачні можна было ўводзіць іншы стандарт у адукацыі з абавязковым вывучэннем роднай мовы. Зараз нацыянальную мову нельга ўключаць у абавязковы стандарт адукацыі. Але, якуты, татары, і іншыя народы вялі перамовы з Масквой і наладжвалі дыялог па вырашэнні гэтай праблемы. Шмат кіраўнікоў рэспублік па розных некамфортных прычынах моўнае пытанне не адстойвалі, ці баранілі слаба. З амаль 200 народаў, прыжываючых у Расейскай Федэрацыі, толькі кіраўнікі трох народаў (якуты, татары, башкіры) змаглі дамагчыся школьнай адукацыі на сваёй роднай мове з 1 па 11 клас. На 1 траўня 2014 года у Расейскай Федэрацыі школьнікі вучылі 89 моваў, з іх на 39 адбывалася навучанне. Гэта пераважна ў пачатковай школе, пасля якой вучні вучацца без выбару мовы – па-расейску. Сёння Урад Чачэніі робіць крокі па папулярызацыі і пашырэнні функцый чачэнскай мовы. Акрамя ўведзенага кіраўніком рэспублікі Дня чачэнскай мовы, выдаецца навуковы часопіс “Талам” па-чачэнску, выдадзены розныя слоўнікі, у тым ліку і геаграфічных тэрмінаў. Выходзіць рэспубліканская газета “Даймохк” (Айчына), літаратурна-мастацкі часопіс “Аргун”, дзіцячы часопіс “СтелІад”. Розныя матэрыялы друкуюцца па-чачэнску і ў іншых выданнях. Нацыянальны алфавіт упершыню перакладзены на сістэму Брайля, дзякуючы ініцыятыве Грамадскага аб’яднання невідушчых. Зараз слабавідушчыя ў інтэрнатах змогуць акрамя расейскай і нямецкай моваў вывучаць і родную чачэнскую.
Калі ў Беларусі на пальцах адной рукі можна пералічыць міністраў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову на сваёй працы, то ў залежнай ад Расейскай Федэрацыі Чачэніі паседжанні Урада адбываюцца па-чачэнску. Прынята Праграма па эксперыменце білінгвальнай і полікультурнай адукацыі ў Чачні (і Татарстане) пачатая у Расейскай Федэрацыі пры спрыянні ЮНЭСКА.
Вядомая чачэнская перакладчыца Тамара Чагаева моцна перажывае за сваю мову і кажа, што толькі 10-15% насельніцтва Чачні умеюць чытаць і пісаць па-чачэнску. Трэба каб да дзяржаўнай мовы падыходзілі па-дзяржаўнаму. Каб ідэя захавання чачэнскай мовы была ў кожнай сям’і. Яна шкадуе, што іншыя Паўночна-Каўказскія народы больш папулярызуюць свае мовы, чым чачэнцы і што няшмат сусветнавядомых твораў перакладзена на чачэнскую мову.
Тамара Чагаева
Дзяржаўны дзеяч Руслан Бетрахмудаў колькі гадоў назад называў тры фактары неабходныя для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнай рэформы: адпаведная вучэбна-матэрыяльная база, выкладчыкі, якія хочуць і могуць выкладаць па-чачэнску і грамадская думка пра неабходнасць пераходу на гэтую сістэму навучання.
У 2014 годзе пасля святкавання Дня роднай мовы (25 красавіка) створаны экспертны савет (28 красавіка) па развіццю чачэнскай мовы, які дасць сваю ацэнку ўсёй друкаванай прадукцыі. Адпаведны ўказ быў падпісаны кіраўніком Чачні, які стаў старшынём гэтага экспертнага савета. Туды ўвайшлі кіраўнікі міністэрстваў, вядомыя пісьменнікі, філолагі і выкладчыкі чачэнскай мовы. У Мінадукацыі кажуць, што развіццю роднай мовы будзе садзейнічаць Праграма разлічаная на 10 гадоў. А пакуль мясцовыя выкарыстоўваюць у размове сумесь чачэнскай і рускай мовы, бо шмат новых словаў яны не ведаюць па-чачэнску. Моладзь прагне больш вучыць рускую і замежныя мовы.
Пакуль на вывучэнне роднай мовы у школах адводзіцца усяго 2-3 гадзіны ў тыдзень, амаль як і на замежныя мовы. На расейскую мову адводзіцца не менш 5 гадзін у тыдзень. Працяглы час у Беларусі назіралася тая ж карціна, але пару гадоў таму зроблены некаторыя захады, каб яе з першага класа паступова палепшыць, выраўняўшы колькасць гадзін у школе на выкладанне расейскай і беларускай моваў.
У гады дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў супрацоўнікі схавалі і захавалі ў фондах вялікую колькасць літаратуры на чачэнскай і інгушскай мовах, якая падлягала знішчэнню. Сёння ў сталіцы краіны пабудавана сучасная нацыянальная бібліятэка, дзе захоўваюцца тысячы кніг на розных мовах, у тым ліку і па-чачэнску. Інтэлігенцыя Чачэніі пастаянна б’е ў званы і нагадвае кіраўніцтву краіны пра неабходнасць большай папулярызацыі і пашырэння роднай мовы, падмацоўваючы свае словы дакументам ЮНЭСКА (2003 г.).
Нацыянальная бібліятэка ў Грозным
Па вялікім рахунку сёння ў Чачэніі хуткасць вяртання роднай мовы залежыць найперш ад кіраўніцтва рэспублікі, як дарэчы і ў нас. Беларусы пакуль не сталі “філалагічным народам”, як некалі чэхі, каб цвёрда вярнуць родную мову ва ўсе сферы дзяржавы. Гэты працэс можна паскорыць і нават кіраўніцтву ўзначаліць, а можна наадварот зацягнуць. Пакуль у Чачні і Беларусі перамагае апошняе, але мова – гэта бяспека краіны, большая чым танкі. І з гэтым варта лічыцца.
Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя