„Мова Нанова Гародня” завяршыла чарговы сезон
Завяршыліся заняткі чарговага навучальнага года курсаў „Мова Нанова Гародня”. Слухачы ізноў сустрэнуцца ўвосень. Вядоўцы курсаў правялі кантрольны тэст на валоданне беларускай мовай.
Сярод выпускнікоў найдасведчаныя былі ўзнагароджаны. Гэты сезон стала, штотыдня наведвалі курсы каля паўсотні чалавек. Дзякуючы гарадзенскім вядоўцам Эміліі і Вераніцы Комар запрацавалі моўныя курсы ў Лідзе. Плануеца і далей пашырэнне курсаў па Гарадзеншчыне. Кажа Вераніка Комар:
– Такія ўжо адносіны, як сямейныя: ты ведаеш іх, яны ведаюць цябе. Ты сябруеш, недзе дапамагаеш, недзе просіш падтрымкі сам. Табе пішуць УКантакце па моўных пытаннях. І гэта вельмі падабаецца, мне прыемна, што на мяне могуць спадзявацца.
З вялікім захапленнем слухачы прывіталі музыку з Менска Алеся Чумакова, які выканаў шэраг твораў з розных сваіх праграмаў: ад патрыятычных да лірычных.
– Я прыехаў не адзін. Я прыехаў са сваімі гуслямі. Гэта старадаўні інструмент. У беларусаў напачатку ХХ стагоддзя этнографамі было зафіксавана некалькі апошніх інструментаў. І потым беларусы пра гуслі асабліва не ведалі. Ведалі толькі на слых, па фальклоры, па выявах мастакоў.
Слухачы не хацелі адпускаць музыку, а канцэрт прадоўжыўся паўтары гадзіны.
Алесь Чумакоў запрасіў гарадзенцаў на свае канцэрты ў Менск, паабяцаўшы, што плануе прыехаць з прэм’ернымі канцэртамі і ў Гародню.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня