„Мова Нанова” ў Берасці перайшла ў анлайн



„Мова Нанова” ў Берасці часова пераходзіць у анлайн. Першая сустрэча адбылася праз платформу Джытсі.

Удзельнікі змаглі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад святкавання Вялікадня і распавялі пра тое, як бавяць час на самаізаляцыі, — адзначыў вядоўца Максім Хлябец:

– Ужо проста засумаваліся без курсаў, без людзей. І вырашылі зрабіць анлайн хоць нешта. І самае бліжэйшае свята, якое было, гэта Вялікдзень. Таму вырашылі пагаварыць пра яго. Гэта быў першы анлайн, таму мы збольшага проста размаўлялі і першыя пятнаццаць хвілін тлумачылі людзям, як і чым карыстацца і як мы будзем весці гэтыя заняткі. Але потым мы ўжо нармальна размаўлялі. І былі людзі з розных гарадоў, што прыемна: і з Гародні, і з Менска, і з Баранавічаў.

Паводле арганізатараў берасцейскіх моўных курсаў, бліжэйшыя заняткі будуць праходзіць у анлайн-фармаце. Дадаткова дата, час і спасылка на мерапрыемства змяшчаецца ў адмысловай суполцы ў сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота vk.com/mova1019