“Мова ці кава” – цяпер і Варшава!



Нашумелыя курсы беларускай мовы цяпер можна будзе наведваць і ў польскай сталіцы. Першая сустрэча ўжо сабрала болей за 50 чалавек, сярод якіх былі не толькі беларусы, але і палякі, і ўкраінцы, якія таксама жадаюць вывучаць беларускую мову. У цёплай і сяброўскай атмасферы ўдзельнікі мерапрыемства знаёміліся, дыскутавалі і дзяліліся сваімі гісторыямі пра беларускую мову, яе значэнне і будучыню.

Сваёй прапановай таго, як захаваць беларускую мову, дзеліцца адзін з вядоўцаў мерапрыемства Віктар Шукеловіч:

–  Я лічу, што патрэбны грошы, каб захаваць мову. Я гэта ўсім ужо даўно кажу. Нам, беларусам, трэба зарабляць. Хто разумнейшы – хай зарабляе, як можа, і ўкладае гэтыя грошы ў беларускую мову і беларускую культуру. А калі мы будзем мець грошы, то мы будзем добра выглядаць, мы будзем ездзіць на дарагіх машынах, добра апранацца, мець добрыя прычоскі. І ўсе будуць хацець стаць такімі ж людзьмі, як мы. І калі вось такія багатыя людзі будуць карыстацца беларускай мовай, то і бедныя пачнуць ёй карыстацца.

Бясплатныя лекцыі беларускай мовы былі запачаткаваныя ў студзені 2013 года ў Маскве журналісткай Кацярынай Кібальчыч.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота eurobelarus.info