Мурал па матывах кнігі Язэпа Драздовіча з’явіўся ў Глыбокім
Мурал пад назвай „Нябесныя бегі” адкрылі ўрачыста ў Глыбокім 11 верасня падчас адзначэння так званага Дня народнага адзінства, святкаванне якога Лукашэнка прызначыў на 17 верасня.
Гэты арт-аб’ект быў створаны па кнізе „Нябесныя бегі”, аўтарам якой з’яўляецца знакаміты мастак, пісьменнік, Язэп Драздовіч, які нарадзіўся на Глыбоччыне. Сёлета ў кастрычніку спаўняецца 135 год з дня яго нараджэння.
Мурал размясціўся ў цэнтры горада, на сцяне каля сходаў ад крамы “Еўраопт” да аўтамабільнай стаянкі каля возера Кагальнае. Яго стварылі мастакі Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча пры падтрымцы ТАА “Мавімакс”. Ён уяўляе сабой зорнае неба з планетамі сонечнай сістэмы.
Падчас урачыстага адкрыцця мурала глыбоцкія ўлады прапанавалі ўсім жадаючым дамаляваць на сцяне свае зоркі і пачалі, вядома, з сябе. Для гэтага была прадстаўленая адпаведная фарба.
Беларускае Радыё Рацыя