Музей Беларускага Палесся падрыхтаваўся да „Дажынак-2014”
Адкрыццём выставаў сустрэне берасейскія абласныя “Дажынкі-2014” Музей Беларускага Палесся ў Пінску. Хлебаробчы фэст стартуе ў горадзе над Пінай 4-га верасня. Першым мерапрыемствам стане прэзентацыя экспазіцыі “Музычныя сведкі гісторыі”. Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк анансуе, што ўдзельнікі аграрнага свята змогуць пабачыць усе абнаўленні ў музейных залах:
– Адкрываем выставы. Першая – гэта абнаўленне аддзела прыроды Палесся. Практычна новы аддзел прыроды пабачаць нашыя наведнікі. Будзе прадстаўлена выстава раённага Дома рамёстваў, якая называецца “Палескія ўзоры”. Гэта работы народных майстроў Піншчыны. І яшчэ адна вельмі цікавая выстава будзе працваць падчас “Дажынак” – музыкальныя інструменты нашых палескіх майстроў.
Музей Беларускага Палесся напрацягу ўсіх трох дзён “Дажынак” будзе знаходзіцца ў цэнтры падзей з-за свайго размяшчэння на цэнтральнай гарадской плошчы. Супрацоўнікі ўстановы гатовыя для прыняцця вялікай колькасці наведнікаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя