Музей гісторыі Магілёва купіў «Новы запавет» XVII стагоддзя
Кніга «Новы запавет з Псалтыром» была выдадзеная ў 1652 годзе ў друкарні Куцеінскага манастыра (пад Воршай).
Гэта выданне – выдатна захаваны асобнік, уяўляе магілёўскую традыцыю кнігадрукавання, бо, як вядома, Куцеінская друкарня была заснаваная магілёўскім першадрукаром Спірыдонам Собалем у 1630 годзе, і пасля яго сыходу прадаўжала пачатую ім традыцыю, піша mycity.by.
У экзэмпляры, які трапіў у магілёўскі музей, адсутнічаюць першыя старонкі і пярэдняя вокладка. Аднак у астатнім ён выдатна захаваўся. З гравюр, якія знаходзяцца ў выданні, тры з выявамі апосталаў Іаана, Марка і Лукі.
Цяпер кніга знаходзіцца на экспертызе. Яна будзе прадэманстравана на найбліжэйшай музейнай імпрэзе «Дні трубача», якая пройдзе ў рамках Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» 1 кастрычніка а 18:00.
Музей выказвае падзяку мецэнату Валерыю Казакову, а таксама новым і старым сябрам музея Дзмітрыю Яцкевічу (Нясвіж), Андрэю Радкову (Менск), Багдану Беразенку (Кіеў) за фінансавую гарантыю і дапамогу ў пошуках і набыцці кнігі.
Паводле mycity.by