“Музей пад адкрытым небам” на Фэсце нацыянальных культур



Упершыню падчас Фэста нацыянальных культур, што адбудзецца ў Гародні 1-3 чэрвеня 2018 года, у самым цэнтры горада на Савецкай плошчы асобнай пляцоўкай свае зборы прадставяць гарадзенскія калекцыянеры. Пляцоўка будзе мець назву “Музей пад адкрытым небам” і пра яе адметнасці распавядае кіраўнік гарадзенскага таварыства калекцыянераў “Скарабей” Віктар Какарэка:

– У першую чаргу, каб паказаць свае калекцыі, чым яны багатыя. А па накірунках калекцыянавання, канешне, вельмі вялікая разнастайнасць. Найбольш часта сустракаюцца манеты, значкі, знакі ваенныя, спартовыя медалі.

Віктар Какарэка ўпэўнены, што на міні-кірмашы падчас Фэсту нацыянальных культур гарадзенцаў і гасцей горада могуць зацікавіць розныя дробныя прадметы калекцыянавання:

– Хатнія рэчы, званочкі, ступкі, статуэткі… І, канешне ж, царкоўныя прадметы: іконкі, крыжы. Людзей гэта вельмі цікавіць. Самае таннае – гэта значкі. Яны ў СССР выпускаліся ў вялікай колькасці. Зараз як сувенір можна купіць.

Агулам падчас Фэсту нацыянальных культур будуць працаваць больш за тузін нацыянальных падворкаў на цэнтральных вуліцах і плошчах Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня