Дзень жывой археалогіі ў Белавежскай пушчы прайшоў нягледзячы на залеву



Госці археалагічнага музея пад адкрытым небам змаглі наведаць экспазіцыю ў інтэрактыўным фармаце. Гэта значыць што сустракалі іх не толькі аб’екты і экспанаты, але і рамеснікі, рэканструктары, музыкі і гандлёвыя кропкі з пачастункамі. Сам мясцовы “скансэн” падзелены на тры часткі, а гэта: старажытнагерманскае падвор’е жалезнага веку, гарадзішча позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку і славянскае паселішча жалезнага веку.

У першым з іх наведвальнікаў сустракалі рамеснікі, сярод якіх і ганчар з Браслава Валер Зінкевіч:

„Уся кераміка якая тут, у гэтым музеі – гэта мая праца. Так што можаце глядзець тут, а можаце проста па хатах хадзіць і глядзець. Тут проста не ўсе перыяды прадстаўлены, вось скрыняў у іх няма. А гэта берасцяніка, гэта этнаграфічная форма берасцянікі, была вельмі папулярная”.

У суседняй частцы – гарадзішчы позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку наведвальнікаў забаўлялі ваяры-рэканструктары, а мясцовыя экскурсаводы распавядалі пра прадстаўленыя аб’екты і экспанаты:

„Першае тысячагоддзе да нашай эры. Тут паказаны касцяны нож, які рабіўся з лапаткі аленя, наканечнік завастаўся каменем”.

У славянскай жа частцы гасцям мерапрыемства навуковыя супрацоўнікі распавядалі пра цікавыя факты ў працы археолагаў, новыя тэхналогіі ў галіне захоўвання экспанатаў і паказвалі некаторыя з іх. Напрыканцы наведвальнікаў чакалі музычныя забавы і гандлёвыя кропкі з напоямі са стравамі мясцовай кухні. Былі і пачастункі ў выглядзе шклянкі ўхі. Кошт квітка для жадаючых абыйшоўся ў 8 і 4 беларускіх рубля для дарослых і дзяцей адпаведна.

Беларускае Радыё Рацыя