Музей-сядзіба Міцкевічаў ладзіць восеньскі фэст



Пакуль яшчэ трымаецца добрае надвор’е, трэба максімальна выкарыстаць апошнія цёплыя дні. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапаноўвае наведаць вёску Завоссе.

Для тых, хто чуе гэтую назву ўпершыню, распавядаем: Завоссе — малая радзіма паэта Адама Міцкевіча. У сядзібе прайшло яго дзяцінства, але і потым, з цягам часу, Міцкевіч неаднойчы вяртаўся сюды. Тут складаў узнёслыя вершы, тут расквітнела ягонае самае гарачае і нешчаслівае каханне — да Марылі Верашчакі… Барацьба за сядзібу — са шляхецкімі наездамі, судамі, сямейнымі інтрыгамі — адлюстравалася ў паэме «Пан Тадэвуш».

Літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі» пройдзе 16 кастрычніка. Зразумела, што трапіць у музей тым, хто не мае ўласнага аўто, будзе складана. Таму наведвальнікам прапаноўваюцца адразу два тыпы квіткоў: з праездам Менск — Завоссе — Менск і звычайныя, без трансферу.

У праграму фестывалю ўваходзяць аніміраваныя экскурсіі па сядзібе, інтэрмедыі старажытнага лялечнага тэатра «Батлейка», інтэрактыўныя пляцоўкі і квэсты. Таксама можна будзе пачаставацца гарбатай і ўзяць удзел у розных майстар-класах. Усё гэта пройдзе ў атмасферы шляхецкага двара другой паловы ХVІІІ стагоддзя — такім чынам можна пазнаёміцца з сямейным побытам Міцкевічаў.

Адметна і тое, што «Восень у Завоссі» будзе арганізавана так, каб зацікавіць наведнікаў рознага ўзросту. Таму ехаць туды можна ўсёй сям’ёй — кожны знойдзе адпаведную для сябе актыўнасць.

Квіткі ўжо даступныя для заказу, арганізатары раяць сачыць за навінамі фестывалю ў сацыяльных сетках.

zviazda.by