Музей у Гудзевічах улады не хочуць называць у гонар яго стваральніка
“Называць музей імем Белакоза ў Гудзевічах немэтазгодна”, – такі адказ атрымалі актывісты з Мастоў, якія сабралі ў раёне 130 подпісаў за наданне музею ў Гудзевічах імя яго стваральніка — Алеся Белакоза.
Адмову падпісаў старшыня Мастоўскага райвыканкама Юры Валяваты. Кіраўнік раёна аргументуе адмову тым, што, у прыватнасці, “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” існуе і развіваецца дзякуючы працы многіх людзей, імёны якіх вартыя ўшанавання. Адказ прыйшоў на імя мастоўскага актывіста Васіля Клімовіча:
– Душа гэтага музея – спадар Алесь Белакоз. І калі б яго не было, не было ягонай ідэі, мэты, жадання, то ніхто б не дапамог, бо не было б каму. Гэта была ягоная ідэя, якой ён натхняў іншых людзей. І ўсе бачылі, што з гэтага нешта выходзіць, атрымліваецца.
Алесь Белакоз пайшоў з жыцця ў мінулым годзе, яму было 88 гадоў. У Гудзевічах ён стварыў унікальны музей, які ўзначальваў больш за 30 гадоў. Як кажа Васіль Клімовіч, актывісты не збіраюцца спыняцца і збор подпісаў будзе працягнуты ў Гародні ды іншых гарадах рэгіёна.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя