Музею Якуба Коласа ў Пінкавічах – 50 год
Паўстагоддзя таму, у кастрычніку 1964 года, на Палессі пачалася арганізацыя музею класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Першапачаткова гэта быў невялікі гістарычны куток у Пінкавіцкай школе, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя настаўнічаў Колас.
У лістападзе 1990 года музейная экспазіцыя заняла ўвесь будынак школы. Экспазіцыя ўтрымоўвае ўнікальныя ўспаміны першых вучняў Якуба Коласа, фотаздымкі, рукапісы, артэфакты жыцця беларускага сялянства. Захаваць памяць удалося дзякуючы руплівай працы настаўніка беларускай літаратуры Івана Калошы (1929-2010).
Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна адзначае, што заснавальніку ўдалося стварыць дух музею:
– Ёсць музеі вялікія, дзе ўсяго шмат, але няма сапраўднага духу. А наш музейчык просты, але адчуваецца, што парупіўся пра яго сапраўдны настаўнік разам са сваімі вучнямі. Спачатку гэта быў вельмі сціплы музейчык. Зараз кожны, хто наведае музей, павінен ведаць, усё пачыналася з таго, што Іван Калоша аб’яднаў вакол сябе вучняў і пачаў збіраць матэрыялы.
У верасні музей у Пінкавічах, што на Піншчыне, наведалі сваякі беларускага песняра, якія зацікаўленыя ў далейшым развіцці ўстановы. Чакаецца, што ў наступным годзе экспазіцыя павінна папоўніцца новымі артэфактамі з Менску.
[Not a valid template]
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя