Музей Януша Паруліса патрабуе пастаяннай дапамогі
Прыватны музей побыту Януша Паруліса ў Гародні патрабуе пастаяннай дапамогі. Каб сабраць грошы на арэнду, збіральнік даўніны распачаў продаж сваёй калекцыі. Аднак пасля публікацый ў інтэрнэце знайшліся людзі, якія дапамаглі.
Якая дапамога яшчэ патрэбна музею, расказвае Януш Паруліс:
– Праблемы музея існуюць ужо больш за пяць гадоў. Не хапае грошай, толькі адзін раз у мінулым годзе было столькі наведвальнікаў, што я змог за кошт прададзеных білетаў заплаціць арэнду. Аплачваю арэнду са сваёй пенсіі.
Па словах Януша Паруліса, вялікую дапамогу робіць былая супрацоўніца Музея рэлігіі Ніна Іванаўна Ляшчонак:
– Я, відаць, нарадзілася музейшчыкам, мне вельмі падабаецца разбірацца ў гэтай разнастайнасці прадметаў. Я ўжо апісала каля 5 тысяч, а тут, відаць, каля 100 тысяч прадметаў. Тут і жывапіс, і скульптура, і графіка, і рэдкія, унікальныя кнігі.
Музей мае статус прыватнай установы культуры і называецца «Музей культурна-гістарычнай спадчыны Гродна». Януш Паруліс, для таго каб музей існаваў, вельмі разлічвае на дапамогу горада, а таксама на турыстаў з-за мяжы, што ўжо трэці месяць могуць без віз наведваць Гародню.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня