Музей жураўлёў і журавін створаць у Мёрскім раёне
У Мёрскім раёне 15 верасня пройдзе традыцыйнае экалагічнае свята „Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”.
Менавіта ў верасні адкрываецца сезон збору журавін, запасамі якой багаты Мёрскі раён. Кожны год больш за 4 тыс. шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на мясцовым балоце Ельня падчас восеньскай міграцыі. Падчас свята госці змогуць пачаставацца журавінамі і стравамі з ягады, а таксама паўдзельнічаць у назіранні разам з арнітолагамі за жураўлямі і пабываць на экасцяжынцы на балоце Ельня. Акрамя гэтага, падчас свята будзе пачата цікавая ініцыятыва – стварэнне ўнікальнага музея жураўлёў і журавін, экспанаты для якога будуць сабраныя намаганнямі мясцовых жыхароў і ўсіх жадаючых.
Насычаная праграма ўключае конкурс і прэзентацыю „Жураўліны базар-2019” сярод сельскіх падворкаў Мёрскага раёна, выступленні творчых калектываў рэгіёну і гасцей з Латвіі. На сцэне гарадскога парку парадуе жыхароў фолк-гурт Pawa. Таксама дзяцей і дарослых чакаюць майстар-класы, дэгустацыі, будуць працаваць інтэрактыўная фотозона, пляцоўка аб’яднання „Ахова птушак Бацькаўшчыны”, мабільны планетарый, квэсты, экашопінг.
У гэтым годзе свята „Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” набыў новы імпульс для развіцця: стаў часткай вялікага праекту „Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Ініцыятыва рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Арганізатарамі свята выступілі Мёрскі райвыканкам, грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскі сельскі форум.