Музею Беларускага Палесся – 90 год



Музею Беларускага Палесся, што месціцца ў Пінску – 90 год. 1-га ліпеня 1926 года ўстанова прыняла першых наведнікаў і ад таго часу не прыпыняла працу нават у самыя драматычныя моманты ХХ-га стагоддзя.

Пінск

Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк адзначыла, што ўдалося захаваць даваенныя экспазіцыі. Асаблівую цікавасць выклікае драўляны ровар зроблены ў канцы 1920-х гадоў у вёсцы Пагост-Загарадскі:

– У 1930-я гады майстар Васіль Ільючык зрабіў драўляны ровар, як запісана ў нашай кнізе паступленняў: “На зайздрасць пінскай шляхце”. Шляхце, скажам так, малазабяспечанай, якая не магла сабе дазволіць купіць ровар завадской вытворчасці, а ён здолеў зрабіць ровар з дрэва. Дарэчы, ён прыязджаў у Пінск на кірмаш на гэтым ровары, а супрацоўнікі нашага музея ўжо купілі ровар у яго.

Музей Беларускага Палесся налічвае ў асноўным фондзе звыш 66 тысяч адзінак і болей 16 тысяч адзінак навукова-дапаможнага фонду. Цяпер музей выконвае не толькі функцыю захоўвання мінуўшчыны, але і стаў культурна-асветніцкім цэнтрам Пінскага Палесся.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя