„Мужыцкая праўда” на Мове Нанова ў Беластоку
У беластоцкім хабе „Новая Зямля” прайшлі восьмыя заняткі другога сезона бясплатных курсаў беларускай мовы для ўсіх жадаючых „Мова нанова”. Чарговай тэмай вечара стала асоба Кастуся Каліноўскага. Пра значэнне паўстанцкага выдання „Мужыцкая праўда” як сімвала змагання, разважае вядоўца вечара Ігар Палынскі:
– Людзі, якія знаходзіліся ў вельмі няпростым становішчы, людзі, якія хацелі дасягнуць таго, што было вельмі складана аб’ектыўна, нягледзячы ні на што ўсё адно знаходзілі сілы трымацца, знаходзілі сілы спрабаваць даносіць сваю ідэю для як мага большай колькасці людзей. Гэта натхняе нас, у тым ліку тых, хто перажыў 2020 год, тых, хто застаўся ўнутры краіны, тых, хто з’ехаў. Мы ведаем, што калі маскаля над намі не будзе, тады зажывем мы шчасліва.
Падчас сустрэчы ў межах курсаў „Мова нанова” ў Беластоку былі таксама агучаны правілы вымаўлення і напісання дзеясловаў і амонімаў у беларускай мове. Акрамя гэтага Кацярына Ваданосава прадставіла публіцы ўласнанапісаны вальс „1863” і прадэкламавала вершы ў гонар паўстанцаў Каліноўскага і самога кіраўніка паўстання 1863 года ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя