Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў Смілавічах
Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці. Стварэнне музычнай гасцёўні з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, стала магчымым дзякуючы праекту „Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, фінансаванаму Еўрапейскім звязам і які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.
Ідэя аб стварэнні асобнай экспазіцыі з адкрыццём музычнай гасцёўні, дзе будуць праводзіцца канцэртныя выступы мясцовых калектываў, артыстаў Белдзяржфілармоніі, была падтрымана мясцовымі ўладамі. Сёння пакуль адкрыты толькі адна зала, дзе прадстаўлена творчасць кампазітара берлінскага і варшаўскага перыядаў жыцця. Наведвальнікі могуць убачыць касцюмы з Пазнанскага і Варшаўскага опернага тэатраў, на сцэнах якіх ставіліся творы Станіслава Манюшкі, афішы, грампласцінкі, нотныя зборнікі, здымкі. Экспазіцыя будзе папаўняцца.
Сёння ў музычнай гасцёўні адбыўся святочны канцэрт з нагоды яе адкрыцця. Уражаннямі з гасцямі ўрачыстасці падзялілася кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Як гісторыку па адукацыі ёй асабліва прыемна, што беларусы шануюць сваю спадчыну, ганарацца ёй і імкнуцца папулярызаваць яе, зацікаўлены ў развіцці турыстычнага патэнцыялу.
Андрэа Віктарын падкрэсліла, што па праекце „Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” было падтрымана 50 ініцыятыў, накіраваных на развіццё турыстычнага патэнцыялу і захаванне культурнай спадчыны. За апошнія два гады пры падтрымцы ЕЗ па гэтым праекце было праведзена 20 фестываляў, атрымалі падтрымку 20 музеяў і 23 мастацкія і рамесныя майстэрні.