Музычная спадчына Беларусі зусім не бедная
Размовы пра беднасць музычнай спадчыны Беларусі – хлусня. Знаны музыка і мастак Алесь Лось, які адыграў са сваёй капэлай амаль цэлы дзень на фэсце «Вяртанне» на сядзібе Рэйтанаў, што пад Ляхавічамі, лічыць, што жывая аўтэнтычная музыка досыць хутка знаходзіць водгук у слухачоў. Іншая справа, што пачуць старажытныя ліцвінскія мелодыі зараз складана:
– Гэта патрэбна. Гэта можна параўнаць з тым, як чалавек з горада выехаў на свежае паветра: спачатку баліць галава, а пасля ён пачынае чуць птушак, травы, зёлкі. Гэтая праўда, якая побач з намі, нікуды не дзяецца, а пакрываецца проста пылам цывілізацыі.
Алесь Лось лічыць, што старажытную музыку яшчэ рана выкарыстоўваць толькі як дадатак ці падставу для музычных эксперыментаў:
– Я прыхільнік аўтэнтычнага фальклору, бо лічу, што яшчэ рана яго аздабляць, расфарбоўваць у іншыя формы. Ён яшчэ не пазнаны. У нас столькі гэтага багацця… А не ведаючы яго, мы выглядаем вельмі бедна.
Беднасць ад таго, што беларусы не ведаюць пра сваё багацце, а багацця – на дзесяцігоддзі вывучэння, падкрэсліў Алесь Лось.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gp.by
Фота аўтара