Музычныя прысвячэнні Язэпу Драздовічу



Творчасць і светапогляд славутага беларускага мастака-візіянера Язэпа Драздовіча натхнілі стваральнікаў тэхна-лэйбла Force Carriers на адмысловы лайв-праект.

Музыкі сумесна з відэа-артысткай Вольгай Салахеевай зладзілі фантасмагарычную экскурсію ў свет мастака і яго прац.

Дэбютны выступ іх праекта прайшоў 19 траўня ў межах фестывалю Unsound Dislocation X Mental Force.

Кажа ўдзельнік гурту Аляксей Усіновіч:

— Погляды таго часу на космас былі напоўненыя нейкая надзеяй. Гледзячы на працы Язэпа Драздовіча бачыш, што ён бачыў космас больш спрыяльным для чалавека, больш добрым. У яго адносіны да космасу больш рамантычныя чым сучасныя погляды.

«Гэта ўнікальны мастак з Беларусі, які, магчыма, першым патрапіў на Венеру, Сатурн, на Месяц. І яго кнігі, рукапісныя трактаты, як ён іх называў, дзе ён апісваў як блукаў па розных планетах — гэта зачароўвае,» — кажа Павал Няхаеў.

— Гэта і мастак, і філосаф, і навукоўца, ён спрабаваў даследаваць і як увогуле рухаюцца планеты. Проста ён не меў магчымасці сапраўды займацца навукай. Каб такі чалавек жыў цяпер, дык гэта быў бы найвыбітнейшы і славуты навуковец і мастак. Ён сапраўды Леанарда да Вінчы нашага часу і нашай прасторы.

Музыкі адзначаюць, што гэты праект планавалі апошнія тры гады, але рэалізаваць атрымалася толькі зараз. Аўдыёвізуальная праграма пад назвай „Вечны Вандроўнік”, прысвечаная беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу, па задуме стваральнікаў распавядае пра жыццёвы шлях майстра мовай “містычна-фантастычнага” электра і тэхна, такім чынам спалучае мову моладзі і візуальнае мастацтва мінулага стагоддзя.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара