„Музыка гарадзенскіх дворыкаў”
22 верасня а 19-й гадзіне ў дворыку гарадзенскай “Цудоўні” па адрасе Кірава, 3 адбудзецца невялічкі акустычны канцэрт вядомых у горадзе музыкаў. Пра будучае мерапрыемства распавядае яго арганізатар, кіраўнік “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:
– На адной пляцоўцы апынецца дастаткова шмат вядомых гарадзенцаў: гэта Юрась Дубовік, Ваня Пачывалаў, апошні гарадзенскі хіпі, а таксама Вася Валошчык – перадапошні гарадзенскі хіпі. Будзе яшчэ некалькі чалавек, але іх імёны не буду называць: няхай гэта будзе прыемнай нечаканасцю. У прынцыпе, проста атрымліваецца, што кожныя выходныя тут адбываецца нейкі жывы канцэрт, абсалютна бясплатны, сапраўдны, шчыры. І класна, што такое адбываецца.
Для Андрэя Несцяровіча такія акустычныя канцэрты з’яўляюцца часткай новага музычнага праекта:
– Атрымліваецца, што паралельна «Танцам гарадзенскіх дворыкаў» нарадзіўся яшчэ адзін спантанны праект – гэта «Музыка гарадзенскіх дворыкаў». Чацвёртыя выходныя запар гэты праект жыве сваім жыццём, прычым ён фактычна не кантралюецца намі. Ён проста ўваходзіць у жыццё і ідзе сабе далей. Праходзіць тыдзень – ён зноў прыходзіць і ідзе сабе далей.
Пра наступныя выступы праекта “Музыка гараденскіх дворыкаў” можна будзе даведацца з сайта гараденскай “Цудоўні” і з сацыяльных сетак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня