Музыка і фатограф Аляксандр Пасечнік прадставіў “Планету людзей”
Гарадзенскі фатограф і музыка Аляксандр Пасечнік прадставіў сваю выставу здымкаў з падарожжаў па свеце ў фотаклубе “Гродна”.
Чатыры дзясяткі здымкаў ствараюць выставу пад назваю “Планета людзей” і паказваюць твары людзей з розных краін Азіі і Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Аўстраліі.
Пра здымкі распавядае Аляксандр Пасечнік:
– Прадстаўлены Аўстралія, Інданэзія, Малайзія, Мазамбік, Танзанія. Першы фотаздымак з серыі “Планета людзей” я зрабіў 11 год таму. Пасля падчас маіх падарожжаў па свеце я працягваў здымаць.
Аляксандр Пасечнік лічыць, што сама цяжка здымаць у Афрыцы, дзе жывуць людзі з культам вуду:
– Асабліва ў заходняй частцы Афрыкі, дзе прысутнічае культура вуду. Там складанасць у тым, што людзі не такія дружалюбныя і нават агрэсіўныя. Яны, убачыўшы фотаапарат, пачынаюць моцна нервавацца, крычаць. Прыходзілася хаваць фотаапарат, нават уцякаць, бо ледзь не каменнямі кідалі.
На выставе паказаны працы з апошніх 10 год падарожжаў фатографа. У яго калекцыі некалькі сотняў здымкаў, а паглядзець выставу Аляксандра Пасечніка магчыма цягам двух бліжэйшых тыдняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня