Музыка „J:морс” патрапіла ў фільм сына Дэвіда Боўі



Фрагменты песень гурта „J:морс” можна пачуць у новым фантастычным фільме „Нямы” (Mute), рэжысёрам якога з’яўляецца Дункан Джонс – родны сын Дэвіда Боўі.

На рахунку Джонса таксама фільмы „Зыходны код”, „Варкрафт”, „Луна 2112”. За апошні ён атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку прэстыжную прэмію BAFTA (Вялікабрытанія).

Дзея новай стужкі адбываецца ў Берліне  2052 года. Галоўны герой – нямы  бармэн Леа, які губляе сваю каханую. Ён самастойна распутвае дэтэктыўны клубок, сустракаючы на шляху крымінальных дзеячоў і двух амерыканскіх хірургаў.

У фільме здымаліся Аляксандр Скарсгард („Меланхолія”, „Вялікая маленькая хлусня”), Пол Радд („Правілы вінаробаў”, „Чалавек-мураш”), Джасцін Тэру („Малхоланд драйв”) ды  іншыя.

Лірычныя песні „J:морс” – „Босиком по мостовой” ды „Айсберги” – слухае ў навушніках галоўны гангстэр Максім. Яму належыць клуб, вакол якога развіваюцца падзеі фільма. Таксама ў стужцы гучыць музыка Дэвіда Боўі, Філіпа Гласа, Nirvana, іншых амерыканскіх ды нямецкіх артыстаў.

„Нямы” эксклюзіўна распаўсюджваецца праз Netflix – адзін з буйных сусветных анлайн-сервісаў для кіно і серыялаў.  Апошні на гэты момант студыйны альбом „J:морс” „Воздух” выйшаў напрыканцы 2015 года. Пасля гэтага гурт прадставіў праграму „Беларускае золата” з Прэзідэнцкім аркестрам РБ.