Музыкі пад бчб-сцягам і „Пагоняй” парвалі шоу „Х-Фактар”



Cваю зборную на самае папулярнае і рэйтынгавае ўкраінскае шоу «Х-Фактар» адправіла «Арт Сядзiба». Гурт «Амплітуда смеласці» пакінуў моцныя ўражанні як на журы конкурса, так і гледачоў у зале. Па выніку выступу і рашэння журы калектыў пераканаўча прайшоў у наступны этап шоу.

[youtube id=”br6w0ubIDuM”]

Гурт «Амплітуда смеласці» прымае ўдзел у сёмым сезоне конкурса «Х-Фактар». Вакалістам выступіў Пётр Клюеў, а акампанаваў яму склад, які напалову складаецца з экс-музыкаў гурта «Ляпіс Трубяцкой» (на сёння музыкаў гурта «Trubetskoy»). За барабанамі — Аляксандр Старажук, на гітары — Руслан Уладыка, ён жа Пан, а на бас-гітары — Сяргей Адамовіч.

«Гэта было касмічнае перажыванне, граць з такімі мэтрамі. Музычны склад «Амплітуды смеласці» на конкурсе ўнікальны. Нас на гэтым праекце аб’яднала музыка і сяброўства», — пракаментаваў свой выступ лідар гурта Пётр Клюеў.

Чацвёрка суддзяў сёмага сезону «Х-Фактар» выглядае так: музычны прадзюсер і кампазітар Канстанцін Меладзэ; лідарка гурта «The Hardkiss» Юлія Саніна; артыст, аўтар і кампазітар Андрэй Данілка, а таксама саліст гурта «Агонь» Антон Савлепаў (экс-лідэр Quest Pistols Show).

На сцэну музыкі выйшлі ў цішотках з гербам «Пагоня», а ў зале лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Гурт заспяваў  свой варыянт песні «Crazy little thing called love», якую выконваў Фрэдзі Меркурыз гуртом «Queen», а таксама ўласную песню «Асцярожна, лістапад» на верш Генадзя Бураўкіна, але ў эфір трапіў толькі кавер. На першай жа хвіліне зала ўстала і пачала танчыць.

У канчатковым выніку ўсе суддзі сказалі «так» і прапусцілі «Амплітуда смеласці» далей у наступны этап шоу, у трэніровачны лагер. Беларусаў зала праводзіла воплескамі.

artsiadziba.by