“Мясцовы час” – нязгаслая легенда беларускай рок-музыкі
15 гадоў мінула з таго часу як полацкі рок-гурт “Мясцовы час” спыніў сваю дзейнасць.
Валер Драко (другі злева) (1992)
Але яго слава не гасне, а песні па-ранейшаму слухаюць ужо новыя пакаленні нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі. Пра тое, як узнік гурт і пра яго асноўныя вехі з экс-гітарыстам гурта Валерам Драко пагутарыў Алесь Аркуш.
Валер Драко (2015)
РР: Ты памятаеш, што адбылося, каб стварыўся ваш гурт? Дзе першапачаткова ён стварыўся?
Валеры Драко: Ой, зараз згадаю. У каледжы, у нашым тэхналагічным каледжы. Выпадкова.
РР: А хто першапачаткова складаў гурт? Хто быў ініцыятарам?
Валеры Драко: Сабраліся выпадкова. Быў у нас такі агульны знаёмы Валера, ён нас і пазнаёміў з Сашкам Кузьміным, з Уладзікам Макасам. А я быў разам з Сашкам Свідрыцкім, з бубначом. Вось мы ў чатырох сутыкнуліся і ўсё пачалося.
РР: А першы канцэрт памятаеш?
Валеры Драко: Першы, першы, першы… Напэўна, у тэхналагічным каледжы.
РР: А ты можаш згадаць, як адбылося, што “Местное время” стала “Мясцовым часам” і перайшло на беларускую мову? Што паўплывала на гэта?
Валеры Драко: Гэта які год быў? 1987-1988, напэўна. Мы паразмаўлялі з беларускімі музыкамі, тады быў гурт “Мроя”, вось з імі і сустракаліся. І пайшло… само сабой неяк.
РР: Які найбольш запомніўся канцэрт? Калі згадваць, які самы фантастычны канцэрт?
Валеры Драко: Самы фантастычны … нават не ведаю. Шмат было канцэртаў. Першае, што запомнілася, гэта калі абрынулася нашая саўдэпія, і тады мы паехалі ў Польшчу, у Беласток на “Басовішча”. Ужо як бы за мяжу. Вось гэта было цікава. Гэта быў 1991 год. А так канцэртаў шмат было, розных.
РР: Вы ж таксама ўдзельнічалі ў легендарным канцэрце за незалежнасць Беларусі на пляцы ў Менску.
Валеры Драко: Было такое. Толькі не на плошчы.
РР: Гэта было каля помніка Янкі Купалы, здаецца.
Валеры Драко: Так, так. Было такое. Ой тады было шмат людзей.
РР: А што ты можаш сказаць пра запіс альбома “Наша ўскраіна”. Вы дзе яго пісалі? Бо гэта самы легендарны ваш альбом.
Валеры Драко: Пісалі мы яго ў Мазыры. Быў такі мазырскі гурт “Отражение”. Нашыя тагачасныя сябры. Вось мы ў іх і пісаліся. Досыць цікава было.
РР: А як хутка вы яго запісалі?
Валеры Драко: Запісалі ў студыі за тыдзень, таму што больш грошай не было. А сам альбом недзе год стваралі. Прыдумвалі, сачынялі, штосьці дараблялі. А пісалі недзе тыдзень.
РР: А сёння ці ты згадваеш тыя часы, ці слухаеш музыку “Мясцовага часу”? Ці ўвогуле гучыць яна недзе ў Полацку?
Валеры Драко: У Полацку наўрад ці. Не ведаю, я не слухаю радыё. Але некаторыя знаёмыя кажуць, што слухаюць, у інтэрнэце, напрыклад.
РР: На нашым радыё вельмі часта яна гучыць, можна сказаць знаходзіцца ў актыўнай ратацыі. Усе называюць “Мясцовы час” легендарным гуртом. Ці пачуваешся ты былым музыкам легендарнага гурта?
Валеры Драко: Ну, не ведаю. Гэта ўсё ўжо ў мінулым. Сёння іншыя клопаты, іншыя справы. Ды і колькі гадоў ужо мінула.
РР: А калі б з’явілася магчымасць аднавіць гурт. Ці рэальна гэта?
Валеры Драко: Я не думаю, што гэта рэальна. Ды і бубнач наш ужо не жыве. Няма яго з намі. Ды і музыкі даўно ніхто не граў. Ніхто з нашых ужо не займаецца музыкай акрамя мяне. Я толькі займаюся. Але гэта перадусім гукарэжысура, а не музыка.
РР: Такім чынам, “Мясцовы час” застаўся ў гісторыі беларускай рок-музыкі?
Валеры Драко: Так.
Рок-гурт “Мясцовы час” быў створаны ў Полацку ў 1987 годзе. У 1991-ым запісаў адзін з самых лепшых альбомаў у гісторый беларускай рок-музыкі “Наша ўскраіна”. У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у фэсце Музыкі маладой Беларусі “Басовішча” на Падляшшы, дзе атрымаў прыз “Лепшы рок-гурт”. У “100 найвялікшых беларускіх песень”, згодна апытанню, якое правёў інтэрнэт-партал tuzin.fm, трапіла песня “Мясцовага часу” “Я жыў”.
[youtube id=”vkcXFBqcKHA”]
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара і таксама з архіву аўтара.