На аднаўленне спадчыны Гарадзеншчыны бракуе сродкаў



За чатыры гады рэалізацыі дзяржаўных праграмаў “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі” на аднаўленне гісторыка-архітэктурнай спадчыны Гарадзеншчыны выдаткавана 2 мільёны 200 тысяч даляраў. З большага гэтыя сродкі былі накіраваныя на рэканструкцыю Лідскага замка, сядзібы Агінскіх у Залессі, правядзенне археалагічных даследаванняў Гальшанскага замка і распрацоўку праекту рэстаўрацыі Старога замка ў Гародні. На аднаўленне і захаванне архітэктурнай спадчыны рэгіёну патрэбныя значна большыя сродкі, што па словах гісторыка Генадзя Семянчука, павінна быць непасрэдным клопатам сённяшніх уладаў:

– Што за дзяржава, калі яна не здольная адбудаваць палацы 19 стагоддзя, ці нават 18 стагоддзя? Калі трэба было, то знайшліся мільярды на Мірскі замак і на Нясвіжскі замак. Дзяржава павінна была б паказаць, хаця б на некалькіх прыкладах, узорнае рабленне такой працы.

На тэрыторыі Гарадзенскай вобласці знаходзіцца 301 помнік архітэктуры, 326 помнікаў археалогіі, 96 помнікаў гісторыі і 4 помнікі мастацтва, якія ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Вялікая іх колькасць у занядбаным стане і руйнуецца ў сувязі з адсутнасцю сродкаў на аднаўленне.

Беларускае Радыё Рацыя