На аднаўленне даху Будслаўскага касцёла не хапае яшчэ 300 тысяч рублёў



Пробашч парафіі ў Будславе, ксёндз Дзмітрый Дубовік распавёў «Народнай Волі» пра тое, як ідзе аднаўленне касцёла.

Нагадаем, што раніцай 11 мая загарэўся касцёл у Будславе, у якім знаходзіцца адна з найважнейшых святынь Беларусі – абраз Маці Божай Будслаўскай. Пажар удалося патушыць, але галоўнае яго наступства – выгараў і абваліўся дах.

Ужо ў дзень пажару распачаўся збор сродкаў на аднаўленне касцёла, і ахвяраванні працягваюць паступаць да гэтага часу.

– На сёння (23 верасня) ужо накрылі амаль 60 працэнтаў даху, – кажа ксёндз Дзмітрый Дубовік. – Працы вядуцца не толькі наверсе, але і ўнутры касцёла. Работы працягнуцца, пакуль будзе дазваляць надвор’е. Але дах рабочыя дакладна накрыюць да наступлення халадоў. На гэты момант грамадскасць назбірала на аднаўленне даху прыкладна 1.045.000 рублёў.

– Гэтага недастаткова, – адзначае Дзмітрый Дубовік. – Не хапае яшчэ прыкладна 300 тысяч рублёў.

Прычыны пажару пакуль названы не былі. Паводле слоў святара, адпаведныя органы, якія займаюцца расследаваннем, ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не давалі.

www.nv-online.info