На аднаўленне касцёла ў Будславе сабрана больш за 426 тыс. рублёў



На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) на гэты момант сабрана 426.535 рублёў, паведамляецца на парафіяльным сайце.

Акрамя таго, удзельнікі кампаніі па зборы сродкаў на аднаўленне нацыянальнага санктуарыя, распачатай беларускай супольнасцю ў Польшчы на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl, сабралі 5.301 злоты (каля 1.434 долараў). Ініцыятары паставілі мэту сабраць 30 тыс. злотых (каля 8 тыс. долараў). Кампанія скончыцца праз чатыры дні.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала „Адновім Будслаў разам!”, створанага ў парафіі для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння, дазвол на разбор рэшткаў даху быў атрыманы 12 мая. Да наступнага дня ўнутры касцёла разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуглі, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, прынялі меры для прасушкі аргана. 14 мая ў касцёле ўстанавілі кантралёры вільгаці, 15 мая — ачысцілі дах ад буйнога смецця, прыкасцельную тэрыторыю — ад попелу, вуглёў і тэхнічнага смецця, вакол выставілі дадатковыя агароджы.

17 мая планавалася працягнуць ачыстку даху ад попелу і дробнага смецця, аднак з-за дажджу ад гэтага давялося адмовіцца. У касцёле дэмантавалі лаўкі і вывезлі з будынка. 18 мая працягваліся работы на даху: валанцёры ачысцілі ад попелу правы і левы нефы і пачалі чысціць цэнтральную частку. З касцёла вынеслі астатнія лаўкі, а неразборныя бакавыя лаўкі пасыпалі пілавіннем для выцягвання вільгаці.

11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абрынуўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці.

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу на падставе ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару з прычыненнем шкоды ў буйным памеры). Для высвятлення прычыны ўзгарання прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

12 мая паводле вынікаў экстраннай нарады пры курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.

Аляксандр Лукашэнка 14 мая пасля наведвання экарынку ў Менскім раёне даручыў дапамагчы ў аднаўленні будслаўскага касцёла. „Не трэба тут спяшацца, нават спецыялісты кажуць, — заявіў ён. — Дапамагчы трэба: разабраць там, гэтыя работы… Але спецыялісты хай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць. Без дзяржавы яны ні чорта не зробяць усё роўна. Але гэтыя ж „неверагодныя” зноў кажуць, што „грошы збяром”. Ветэранам ужо сабралі, у двукоссі. Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збяром. Ні чорта яны не збяруць. Яны проста людзям абвесцяць, і ў людзей забяруць грошы, і падзеляць у Польшчы. Таму калі хто-небудзь хоча дапамагчы аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і хай людзі туды ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу”.

На гэтыя рахункі, сказаў Лукашэнка, „кожны чалавек колькі зможа, калі ён захоча, ён туды перадасць грошы”. „Але таксама асабліва не трэба там… Я не думаю, што там шалёныя аб`ёмы работ будуць. Дах адновім, унутры прывядзем у парадак. Таму ты мусіш назіраць, і калі спецыялісты зробяць выснову, што і як, потым паведаміш, і падумаем, як зрабіць”, — звярнуўся Лукашэнка да старшыні Менаблвыканкама Аляксандра Турчына.

17 мая сітуацыю вакол пацярпелага касцёла абмеркавалі Антэ Ёзіч і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Падрабязнасці сустрэчы невядомыя.

Партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі паведаміў, што 19 мая касцёл наведала дэлегацыя на чале са старшынёй Менаблвыканкама Аляксандрма Турчыным. Чыноўнік абмеркаваў сітуацыю з членамі касцельнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару. Турчын заявіў, што перш за ўсё трэба „паклапаціцца аб часовым даху, каб да канца чэрвеня зрабіць праект, якім чынам накрыць будынак”.

Кіраўнік Менскай вобласці падзякаваў усім, хто ахвяруе грошы на аднаўленне касцёла, і запэўніў, што „дзяржава не застанецца ўбаку”. Паводле яго слоў, „дзяржава, фізічныя і юрыдычныя асобы павінны не выключаць, а дапаўняць адзін аднаго” ў гэтай справе.

БелаПАН