На аднаўленне касцёла ў Будславе сабрана амаль 600 тыс. рублёў
На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) блізу вечара 1 чэрвеня сабрана 596.087 рублёў, сведчаць звесткі на парафіяльным сайце.
Першачарговыя аднаўленчыя работы ў нацыянальным санктуарыі пачаліся 12 мая, на наступны дзень пасля надзвычайнага здарэння. У далейшыя дні клір касцёла і валанцёры разабралі абгарэлыя часткі, падрыхтавалі ўнутранае ўбранне святыні і орган да прасушкі, усталявалі ўнутры кантролеры вільгаці, ачысцілі дах ад смецця і вуглёў, разабралі падвалы. 25 траўня ў касцёле пачалі ўсталёўваць часовы дах.
На прэс-канферэнцыі 26 траўня старшыня касцельнай камісіі па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні святыні біскуп Аляксандр Яшэўскі паведаміў, што сабраныя грошы (на той момант прыкладна 490 тыс. рублёў) дазволілі заключыць дагаворы з арганізацыямі, якія праводзяць экспертызу ў пацярпелым санктуарыі, распрацоўваюць праект па яго аднаўленні. Гэтыя сродкі таксама дапамогуць усталяваць часовы дах.
Тым не менш, сказаў ён, сабраных сродкаў недастаткова, таму апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся да ўладаў з просьбай аб фінансавай дапамозе, вызваленні ад падаткаў, папрасіў дазволу паралельна праводзіць даследаванні, праектаванне і выконваць аднаўленчыя работы.
Касцёл у Беларусі таксама вядзе перамовы з канферэнцыямі каталіцкіх біскупаў па ўсім свеце і рознымі касцельнымі дабрачыннымі арганізацыямі, каб атрымаць фінансавую дапамогу на аднаўленне святыні.
Пажар у будслаўскім касцёле здарыўся 11 траўня. Абрынуўся дах храма, абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі звярнулася да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне санктуарыя, былі адкрытыя спецыяльныя рахункі.
Следчы камітэт распачаў справу паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры).
12 траўня была створаная спецкамісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.