На аднаўленне пацярпелага ад пажару будслаўскага касцёла сабрана амаль 850 тыс. рублёў



На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) сабрана 849.373 рублі, сведчаць звесткі на парафіяльным сайце.

За папярэдні тыдзень дабрачынныя рахункі, адкрытыя для збору ахвяраванняў на аднаўленне святыні, папоўніліся амаль 70 тысячамі рублёў.

Зараз ідзе падрыхтоўка да ўрачыстасцяў у гонар абраза апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст), запланаваных 2 і 3 ліпеня, нягледзячы на здарэнне ў нацыянальным санктуарыі.

Паколькі з-за пажару касцёл знаходзіцца ў аварыйным стане і выкарыстоўваць яго пакуль забаронена, набажэнствы будуць праводзіць на палявым алтары пад адкрытым небам. Там жа будзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай.

2 ліпеня святыя імшы ў межах Будслаўскага фэста адбудуцца ў 12.00 і 18.00 (для пілігрымаў). У 23.30 пачнецца працэсія са свечкамі і копіяй абраза апякункі Беларусі.

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся да ўладаў з просьбай аб фінансавай дапамозе, вызваленні ад падаткаў, папрасіў дазволу паралельна праводзіць даследаванні, праектаванне і выконваць аднаўленчыя работы.

Касцёл у Беларусі таксама вядзе перамовы з рознымі канферэнцыямі каталіцкіх біскупаў па ўсім свеце і касцельнымі дабрачыннымі арганізацыямі, каб атрымаць фінансавую дапамогу на аднаўленне святыні.

У сувязі з пажарам Следчы камітэт распачаў справу паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару з прычыненнем шкоды ў буйным памеры).

belapan.by