На аўстрыйскім радыё пачаўся тыдзень Беларусі
На аўстрыйскім радыё Ö1 пачаўся тыдзень Беларусі. На венскай хвалі прагучыць сучасная акадэмічная, джазавая, электронная музыка, створаная беларускімі аўтарамі.
У серыі перадачаў будзе закранутая таксама гісторыя беларускае музыкі XX стагоддзя. Напярэдадні музычныя рэактары ORF Ö1 Райнэр Эльстнэр і Сюзанна Нідэрмаер завіталі ў Менск і цягам тыдня запісалі шэраг працяглых інтэрвію. У тым ліку з Аляксандрам Літвіноўскім, Сяргеем Пукстам, Лявонам Нарушэвічам ды многімі іншымі прадстаўнікамі сучаснае музыкі ў Беларусі. Сярод іх апынуўся й аўтар перадачы «Кракатук», што выходзіць на Беларускім Радыё Рацыя, Віктар Сямашка.
Райнэр Эльстнэр прапанаваў Віктару паўдзельнічаць у адмысловым выпуску праграмы Zeit-ton extended, дзе звычайна розныя кампазітары ды музыканты прэзэнтуюць сваю ўлюбёную музыку. Рэдактар папрасіў абраць самыя важныя кампазыцыі зь Беларусі за апошнія 100 год, 5-6 рэчаў з кароткімі ўступамі да іх, і сфакусавацца на тым, што завецца сучаснай акадэмічнай эксперымэнтальнай творчасцю. Каментары Віктара Сямашкі перакладзеныя з беларускае мовы на нямецкую. Праграму можна паслухаць тут. Беларускае Радыё Рацыя