На “Басовішча” – з бясплатнымі візамі!
Пачынаецца запіс на атрыманне візаў на сёлетні фестываль “Басовішча”. Імпрэза адбудзецца 17-18 ліпеня ў традыцыйным месцы – ва ўрочышчы Барык каля Гарадка, блізу польска-беларускай мяжы.
Паводле старшыні Беларускага аб’яднання студэнтаў Ганны Пякарскай, на цяперашні момант у справе візаў ёсць дамоўленасць з польскім консульствам у Гародні:
– Збіраем заяўкі ад людзей, якія хочуць атрымаць бясплатныя візы ў консульстве ў Гародні. Пакуль што маем дамоўленасць на 100 візаў, але нам абяцалі, што калі будзе больш заявак, то будзе і больш візаў. Так што дасылайце заяўкі як мага хутчэй. Можна пісаць нам на наш электронны адрас [email protected], таксама пішыце нам праз Фейсбук, будзем вырашаць пытанні і дапамагаць.
Вядуцца таксама перамовы з іншымі польскімі дыпламатычнымі пляцоўкамі ў Беларусі: у Берасці і Менску. Вядома, што запісацца на атрыманне візы можна таксама ў час Беларускай дыктоўкі ў Гародні, якая распачнецца 28 сакавіка а 16-ай гадзіне ў памяшканні № 100 па вул. Будзёнага, 48а.
Як вядома, сёлета на “Басовішча” вяртаецца конкурсная праграма. У журы адборачнага конкурсу ўвайшлі Ілона Карпюк-Дамброўская, Лукаш Сцепанюк, Сяргей Будкін, Юры Асеннік і прадстаўнікі арганізатараў – БАС-у і Фонду Villa Sokrates. Плануецца, што для ўдзелу ў асноўнай частцы конкурсу ў час фестывалю будуць адабраныя чатыры ўдзельнікі. Рэгламент конкурсу і фармуляр заяўкі павінны з’явіцца на пачатку красавіка.
Калі казаць пра выступоўцаў, то ўжо вядома, што сярод хэдлайнераў фестывалю – новы гурт Сяргея Міхалка Brutto (які дарэчы абяцае спяваць як мага больш па-беларуску). Таксама выступіць гурт Lao Che з новым дыскам „Дзецям”. Наступнай зоркай “Басовішча-2015” з’яўляецца гурт Ostrov, у склад якога ўваходзіць вядомы многім па калектыву RIMA. Андрэй Паплаўскі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя