На „Басовішчы” будзе працаваць кнігарня
Наведнікі фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча” сёлета не толькі змогуць пачуць са сцэны свае любімыя гурты, купіць дыскі з музыкай, але таксама – упершыню на фестывалі – купіць найноўшыя кнігі, якія выйшлі ў менскіх выдавецтвах. На „Басовішчы” будзе працаваць адмысловая кнігарня.
Гаворыць дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
– Нас запрасілі на “Басовішча”. На фестываль са сваімі кнігамі прыедуць прадстаўнікі чатырох недзяржаўных выдавецтваў: “Кнігазбор”, “Arche”, выдавецтва Андрэя Янушкевіча і мы – “Галіяфы”. Будзем працаваць на фествалі два дні.
Зміцер Вішнёў паведаміў, што выдавецтвы прывязуць кнігі самых папулярных у Беларусі аўтараў – Юрыя Станкевіча, Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча, Марыі Роўды і іншых.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belykrolik.ru