На беларускай мове ў 2015-ым толькі 11,4% кніг
Літаратура на рускай мове ў 2015 годзе склала 80% у агульнай колькасці выпушчанай у рэспубліцы выдавецкай прадукцыі, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Белстатам да Дня друку. „На рускай мове ў мінулым годзе выдадзена 8200 кніг і брашур агульным накладам 16 млн экзэмпляраў, што складае 80% ад агульнай колькасці выданняў і 74% ад накладу”, – праінфармавалі ў Белстаце.
Літаратура на беларускай мове заняла 11,4% у агульнай колькасці выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным тыражы. „На беларускай мове ў 2015 годзе выпушчана 1168 кніг і брашур тыражом за 3,7 млн асобнікаў, што ў параўнанні з папярэднім годам больш як па назвах на 5,7%, так і па тыражы – на 1,8%”, – заўважылі ў Белстаце.
Усяго, па дадзеных Белстата, у 2015 годзе ў рэспубліцы было выпушчана каля 10300 кніг і брашур. Агульны наклад выданняў склаў 21,6 млн экзэмпляраў (2,3 асобніка на аднаго жыхара краіны).
„Як і ў папярэднія гады, па-ранейшаму ў сукупным аб’ёме выпуску кніг і брашур пераважае вучэбная літаратура”, – паведамілі ў Белстаце. Пятую частку выпуску складаюць вучэбна-метадычныя дапаможнікі і навучальныя праграмы. Навуковыя і навукова-папулярныя выданні займаюць у ліку кніг і брашур амаль 19%.
Паводле „Інтэрфакс„