На беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі IFMC-2019 пададзены 33 заяўкі



У конкурсную праграму XXXII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) пададзены 33 заяўкі, паведаміла аўтар праекта, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская.

«Неад’емнай часткай фестывалю зʼяўляецца конкурс сучаснай харэаграфіі. Па цотных гадах ён міжнародны, па няцотных, як у гэты год, – беларускі. У бягучым годзе на конкурс пададзены 33 заяўкі. Прыём заявак закрыты, цяпер працуе камісія адборачнага відэатура. 33 калектывы прадставілі 38 твораў. Па выніках работы камісіі будзе вызначана, якая колькасць і якія творы будуць прадстаўлены на конкурснай сцэне», – расказала Марына Раманоўская.

Для ўдзелу былі запрошаны харэаграфічныя калектывы, балетныя трупы і артысты танцавальных праектаў, творчасць якіх суадносіцца з паняццем «сучасная харэаграфія». Харэаграфічная лексіка заяўленых пастановак уяўляе розныя танцавальныя тэхнікі сучаснага танца. У творах таксама назіраецца сінтэз розных танцавальных жанраў, элементаў іншых відаў мастацтваў. Удзельнікі конкурсу самастойна вызначалі жанр харэаграфічных твораў, іх колькасць, тэматыку і час асобнага твора, пры гэтым агульны час выканання конкурснай праграмы не перавышае 25 хвілін.

Тэматыка конкурсных работ самая разнастайная. У прыватнасці, у іх адлюстраваны ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, дзяцей і бацькоў, тэмы экалогіі. Што датычыцца геаграфіі ўдзельнікаў, то прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі, за выключэннем Берасцейскай вобласці.

Арыгінальнасць конкурсу бягучага года ў тым, што ёсць піянеры сучаснага танца, якія вярнуліся на конкурсную сцэну, ёсць людзі, якія раней былі танцорамі, а цяпер самі выступаюць у якасці харэографаў і прывозяць пастаноўкі. Яшчэ адна асаблівасць – зʼявілася заяўка ад трыа з Пагранічных войскаў Беларусі.

Конкурс праводзіцца ў тры туры. Першы – адбор заявак экспертным саветам на падставе прадстаўленых відэаматэрыялаў. Другі закрыты тур пройдзе ў прысутнасці міжнароднага журы ў канцэртнай зале «Віцебск» 19-21 лістапада. Работы фіналістаў у заключным, публічным туры можна будзе ўбачыць 22 лістапада.

Па выніках фіналу вызначаць пераможцаў конкурсу, якім будуць прысвоены званні лаўрэатаў, уручаны дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры Br1275 (першая прэмія), Br892,5 (другая прэмія), Br637,5 (трэцяя прэмія).

Таксама вызначаць уладальнікаў спецыяльных прэмій, якім уручаць дыпломы і грашовыя ўзнагароджанні ў памеры Br382,5.

belta.by