На берасцейшчыне адбываецца фестываль “Мотальскія прысмакі”
У Моталі, што ў Іванаўскім раёне Берасцейшчыны, разгарнуўся фестываль традыцыйнай кухні і фальклора “Мотальскія прысмакі”. Сёння галоўнай падзеяй стане адкрыццё пляца каралевы Боны Сфорцы на якім адбудзіцца кулінарны фестываль і святочны фейерверк. „Гэтае свята беларускай кухні заўжды прываблівае шмат турыстаў”, – адзначае намесніца старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
„Турыст, які прыязджае на фестываль мае магчымасць па дарозе пабачыць розныя аб’екты. І ў мотальскім музеі народнай творчасці, і ў музеі ў Варацэвічах: свята- яно ідзе сваім ходам, сваёю чаргою. А турыст трапляе ў кантэкст свята. Таму ён ходзіць па выставах, слухае песні, купляе сувеніры, кнігі.”
З 2015 года “Мотальскія прысмакі” маюць статус міжнароднага фестывалю, але з-за пандэміі колькасць замежных удзельнікаў і гасцёў вельмі абмежаваная. У ранейшыя гады сюды прыяжджалі вялікія дэлегацыі з Польшчы, Украіны і Літвы.
Беларускае Радыё Рацыя